Перамаглі мацнейшыя, выйгралі ўсе

Спорт

У суботу чэрвеньскі лесапарк «Загор’е» на некалькі гадзін ператварыўся ў спартыўную арэну. Яе гаспадарамі сталі больш за 100 удзельнікаў традыцыйнага раённага зімовага свята «Лыжная гонка» ў праграме рэспубліканскіх спаборніцтваў «Беларуская лыжня-2011».

На старт выйшлі прадстаўнікі 22 працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый і навучальных устаноў. Першапачаткова меркавалася, што лыжныя гонкі ў пяці ўзроставых катэгорыях — 18-30 гадоў, 31-40, 41-50, 51-60, 61 і болей гадоў — пройдуць на дыстанцыях 2 кіламетры ў мужчын і 1 кіламетр — у жанчын. Аднак з-за слізкай лыжні арганізатары спаборніцтваў вырашылі напалову скараціць дыстанцыю для мужчын. Праўда, гэтая акалічнасць ніякім чынам не паўплывала на напал барацьбы паміж прэтэндэнтамі на перамогу. У выніку ў фінішных пратаколах сярод мацнейшых адзначыліся не толькі прызнаныя фаварыты, але і навічкі. А ўвогуле, як звычайна падчас падобных масавых спаборніцтваў, ніхто не застаўся ў пройгрышы. Свята кожнаму дало магчымасць адпачыць ад штодзённых клопатаў, надыхацца свежым, злёгку марозным паветрам, сустрэцца і пагутарыць са старымі знаёмымі.

no images were found

Што да пераможцаў, то імі сталі Марына Ладуцька (гімназія), Наталля Бабіч (агароднінасушыльны завод), Валянціна Аліферка і Тамара Ласкавец (лясгас), Сяргей Варвашэвіч (Смілавіцкі ліцэй), Віталь Ладуцька (СВК «Раванічы»), Андрэй Баброў (СШ №4), Анатоль Далгаполаў (аддзел адукацыі) і Генадзь Сычоў (райбальніца). Прызавыя месцы занялі Вераніка Качан (гімназія), Ірына Новікава і Аксана Канапелька (аддзел адукацыі), Кацярына Снытко і Галіна Фінская (камбінат бытавога абслугоўвання), Вольга Сязончык (Чэрвеньскі ліцэй), Сяргей Лашкевіч (ПМК-8), Андрэй Калтовіч і Сяргей Шумко («Беларусбанк»), Андрэй Булойчык і Анатоль Людчык (дзіцячы дом-інтэрнат), Андрэй Борбут і Андрэй Кірнішнюк (аддзел па надзвычайных сітуацыях), Рыгор Дзігалёў (СВК «Раванічы»), Міхаіл Тарасаў (СШ №4) і Мікалай Астрэйка (Смілавіцкі ліцэй).

У спаборніцтве сярод працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый і аддзелаў райвыканкама перамагла каманда аддзела адукацыі райвыканкама. Другое месца заняла каманда лясгаса, трэцяе — раённага камбіната бытавога абслугоўвання.

У агульнакамандным заліку сярод устаноў адукацыі першынствавала каманда гімназіі. На другім месцы — СШ №4, на трэцім — Смілавіцкі ліцэй.

Пераможцы і прызёры індывідуальнага спаборніцтва ўзнагароджаны медалямі, а за першае месца — яшчэ і грашовымі прызамі. Два лепшыя маладыя лыжнікі — Марына Ладуцька і Сяргей Варвашэвіч — атрымалі спецыяльныя прызы аддзела па справах моладзі райвыканкама.

Мацнейшым камандам сярод прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама сярод навучальных устаноў уручылі ганаровыя кубкі, граматы і салодкія прызы. Узнагароджанне праводзіў намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Сяргей Варанько.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *