НАРОДЖАНЫ Ў ІГУМЕНЕ

Общество

Усё новыя і новыя імёны ўраджэнцаў старажытнай Ігуменшчыны — сучаснай Чэрвеньшчыны, вартыя ўвагі і памяці нашчадкаў, становяцца вядомымі. І адчуваеш сапраўдны гонар як за сваю зямлю, што нарадзіла столькі знакамітасцяў, так і за іх, землякоў, якія здолелі ўласным талентам, упартай працай дасягнуць такіх вышыняў.

Як кажуць, у Інтэрнэце знойдзецца ўсё. І сапраўды, вось якая цікавая інфармацыя трапілася на вочы. На пачатку кастрычніка ў г.Дзяржынску Ніжагародскай вобласці адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная Ганароваму грамадзяніну горада, кандыдату тэхнічных навук Рыгору Міхайлавічу Стронгіну. А нарадзіўся гэты дастойны павагі і пашаны чалавек, цытую, «у 1909 годзе ў г.Чэрвень БССР у сям’і служачых». Зразумела, гістарычныя памылкі аўтараў даведкі навідавоку. Канешне, можна не ведаць, што ў 1909 годзе назвы «Чэрвень» не было нават у праекце. Рыгор Стронгін нарадзіўся ў старажытным Ігумене, які зараз носіць назву Чэрвень. Але скажыце мне, якая да рэвалюцыі магла быць БССР?!

Хаця размова, вядома, не столькі пра гэта, колькі пра асобу знакамітага земляка. Падрабязна пра яго ў «Раённым весніку»за трэцяга лістапада распавёў наш шаноўны няштатны аўтар з Мінска Алесь Карлюкевіч. А мне б хацелася крыху дапоўніць.

Як паведаміла прэс-служба адміністрацыі расійскага г.Дзяржынска, мемарыяльная дошка ўстаноўлена на доме, дзе раней жыў Стронгін. Падчас яе адкрыцця мэр горада Віктар Партноў зазначыў: «Сёння гістарычны дзень для Дзяржынска — мы аддаём даніну памяці вялікаму чалавеку, які зрабіў значны ўнёсак у развіццё айчыннай хіміі, чалавеку, які пакінуў след на зямлі ў выглядзе сваіх адкрыццяў і работ. Памяць пра Рыгора Стронгіна заўсёды будзе жыць у сэрцах дзяржынцаў».

А вось пра нас, ігуменцаў-чэрвеньцаў, пакуль гэтага не скажаш. Мы яшчэ толькі пачынаем сваё знаёмства з ім, народжаным тут. Цікава, адкуль узялася ў яго любоў да хіміі? Ці прыязджаў калі Рыгор Міхайлавіч на сваю малую радзіму? Ці ведаюць яго вучоныя сыны, адкуль іх карані? На жаль, сухія радкі біяграфічнай даведкі не даюць адказаў на большасць з гэтых пытанняў. Дарэчы, па ўспамінах сучаснікаў, бацька Рыгора вылучаўся сілай і зухаватасцю, цягаў на сабе станкі, замяняючы цэлую брыгаду. Мог узняць цяжкі воз, перакінуць праз плот крыўдзіцеля. У сваёй адукацыі далей за дробы не пайшоў. Век яго быў нядоўгім…

Рыгор Міхайлавіч скончыў школу выдатна. Вельмі хацеў вучыцца далей. Але ў дакументах было пазначана: сын саматужніка. З такім запісам у тыя гады паступіць у навучальную ўстанову не ўяўлялася магчымым. Давялося яму зарабляць працоўны стаж, працуючы машыністам паравой устаноўкі. Менавіта працоўныя будні адкрылі Стронгіну шлях у Іванаўскі хіміка-тэхналагічны інстытут…

І напрыканцы — традыцыйны зварот да вас, шаноўныя чытачы. Мо, хтосьці мае дадатковую інфармацыю — не з Інтэрнэту ці энцыклапедычнага даведніка — пра Рыгора Міхайлавіча Стронгіна як ураджэнца Ігумена, яго сям’ю? Ці вы калісьці чулі ўзгадкі пра яго ад сваякоў? А мо, і да гэтага часу на Чэрвеньшчыне жывуць родзічы Стронгіных? Адгукніцеся, калі ласка!

Чакаю вашых тэлефанаванняў на нумар 5-56-83.

Святлана АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *