Народныя промыслы ў другой палавіне XIX – пачатку XX стагоддзяў

Общество

У гэты перыяд пераважную большасць насельніцтва складалі сяляне, гаспадарка якіх насіла паўнатуральны характар. Многае неабходнае для сям’і (прадукты харчавання, адзенне, іншыя рэчы хатняга і гаспадарчага ўжытку) яны выраблялі самі. Усё гэта патрабавала не толькі ўмення, але і вялікіх намаганняў, напружанай працы, да чаго прывучалі з маленства.

Галоўным заняткам нашых продкаў з’яўляліся земляробства і жывёлагадоўля, якія давалі асноўныя прадукты харчавання, а таксама сыравіну (лён, пяньку, скуру, воўну) для вырабу адзення і абутку. Апроч гэтага, у Ігуменьскіх мясцінах бытавалі многія промыслы, якія былі звязаны з мясцовай сыравінай і насілі дапаможны характар, служылі дзеля задавальнення патрэб сялянскай   сям’і, яе гаспадаркі. Найбольш пашыранымі з’яўляліся збіранне ягад, грыбоў, арэхаў, лекавых траў, рыбалоўства, паляванне.

Вяскоўцы нарыхтоўвалі таксама бярозавы сок і ўжывалі яго ў ежу як напітак. Многія карэнні, лісце, кветкі раслін выкарыстоўвалі на лекі (зверабой, дзевясіл, крапіва і іншыя).

З дапамогай простых прыстасаванняў і прылад кожная сялянская сям’я ўласнымі сіламі апрацоўвала лён, пяньку, воўну; ручным спосабам шыла адзенне, рабіла абутак, пляла лапці з лыка.

Нашы далёкія продкі ўмелі здабываць саматужным спосабам жалеза з балотнай руды. У шматлікіх вёсках Ігуменьшчыны існаваў і такі від промыслаў, як кавальства. Для таго, каб займацца гэтай справай, патрэбна было не толькі валодаць пэўнымі навыкамі, кваліфікацыяй, але і мець кузню — спецыяльнае памяшканне з абсталяваннем і інструментамі. Даўней яны былі ў многіх мясцовых паселішчах. Кузня ўяўляла сабой невялікую драўляную будыніну без столі і падлогі, крытую дранкай або дошкамі. Яе абсталяваннем з’яўляліся: горан з паддувалам і мяхамі для паддування, кавадла (жалезная падстаўка для коўкі жалеза), тачыла і некаторыя іншыя інструменты і прыстасаванні. Мясцовыя кавалі выраблялі з жалеза розныя рэчы хатняга ўжытку, прылады працы. Яны таксама падкоўвалі коней, акоўвалі палазы саней і колы калёс, рабілі завесы, клямкі, ручкі, прабоі для дзвярэй і варот, іншыя рэчы. Многія з іх з’яўляліся адметнымі майстрамі сваёй справы, умелі зрабіць шматлікія рэчы, неабходныя для гаспадаркі і побыту селяніна.

У гэты перыяд на Ігуменьшчыне бытаваў і такі від промыслаў, як млынарства. Тут у многіх мясцінах працавалі вадзяныя або ветраныя млыны, зрэдку паравыя, дзе малолі збожжа, рабілі крупы.

Амаль кожная сялянская сям’я даўней займалася нарыхтоўкай лыка, пляла з яго лапці, рабіла кошыкі для гаспадарчых патрэб з малых дубцоў ракітніку ці лазы, з каранёў хваёвых і яловых дрэў.

Віццё вяровак з пянькі — таксама адзін з самых распаўсюджаных промыслаў тутэйшых сялян. Вяроўкі шырока выкарыстоўваліся ў сялянскай гаспадарцы. Імі перавязвалі і звязвалі грузы, вазы са снапамі, сенам, саломай і інш.

Для многіх паселішчаў Ігуменьшчыны былі характэрны шорныя і скураныя промыслы. Мясцовыя майстры ўмелі апрацоўваць скуры хатніх і дзікіх жывёл, рабіць з іх конскую збрую (хамуты, сядзёлкі, шлеі, аброці, лейцы і іншыя элементы збруі); шыць з вырабленай скуры боты, чаравікі, шапкі, кажухі.

Ігуменьшчына багатая лесам. Таму тут пашыраны лесапрацоўчыя і дрэваапрацоўчыя промыслы. У прыватнасці, вызначаліся цяслярства і сталярства, якія часта бытавалі ў цеснай сувязі. Гэта вельмі працаёмкія віды гаспадарчай дзейнасці. Многія сяляне ўмелі збудаваць хату і гаспадарчыя пабудовы, зрабіць простую мэблю. А вось асноўныя сталярныя работы патрабавалі, апрача значнага ўмення, яшчэ і спецыяльных інструментаў, якія былі даступны не кожнаму селяніну. Таму вокны і дзверы нярэдка рабілі мясцовыя ўмельцы — майстры-самавучкі.

Сярод дрэваапрацоўчых промыслаў у тутэйшых мясцінах выдзялялася бандарства. Яго вопыт перадаваўся з пакалення ў пакаленне. Даўней у многіх паселішчах былі такія майстры-самавучкі. Яны рабілі з дрэва розныя рэчы, якія штодзённа ўжываліся сялянскай сям’ёй: дзежкі, кадушкі, кублы, цэбры, даёнкі і да т.п. Для вырабу гэтых рэчаў выкарыстоўвалі сякеру, малаток, долата, струг, цыркуль, скабу, разец, пілу і інш. Добрага бондара ведалі ў наваколлі ўсе.

У сельскай мясцовасці асноўным відам транспарту з’яўляўся гужавы. Таму выраб саней і калёс быў пашыраным промыслам у мясцовых паселішчах. Для некаторых сем’яў, пераважна бедных сялян, характэрны адыходны промысел. Сяляне-мужчыны вымушаны былі ў вольны ад сельскагаспадарчых работ час наймацца гнаць плыты па рэках, на дарожна-будаўнічыя работы.

Усе названыя промыслы звязаны з укладам і бытам сялян Ігуменьшчыны.

Ганна ДУЛЕБА,

кандыдат гістарычных навук, этнограф, ураджэнка Чэрвеньшчыны

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *