Народны каляндар на студзень

Общество

Студзень – году пачатак, а зіме – сярэдзіна.

Студзень хаты студзіць – рана гаспадароў будзіць.

Студзень пагодны – будзе год плодны.

Калі студзень імглісты – мокры год, калі халодны – позняя вясна і халоднае лета.

Першы месяц Грыгарыянскага календара і дзясяты месяц старажытнарымскага. Складаецца з 31 дня.

У выданнях Ф. Скарыны падаецца народная назва студзеня — стычень, таксама яна згадваецца ў «Храналогіі» А. Рымшы. Назва, ужываная ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узнікла ў асяроддзі газеты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912, калі ў календары «Нашай нівы» былі пададзеныя прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі. Паслядоўна ў «Нашай ніве» ўжываліся варыянты назвы: у 1907 — январ (стычань), у 1908 — стычань, у 1909 — январ, у 1910–1912 — студзень (январ); у далейшым — студзень.

Назва месяца красамоўна гаворыць пра яго характар: студзень — значыць, сцюдзёны.

У далёкім мінулым год на Беларусі пачынаўся вясною, калі абуджалася ніва. Галоўныя ўдзельнікі рытуалу яго сустрэчы — валачобнікі, абыходзілі сялянскія двары, валачобнай песняй ўслаўлялі гаспадароў і іх працу, усхвалялі зямлю і жыццё. Пасля Новы год перайшоў на зіму — склалася зімовае свята. Абрадавымі асобамі сталі каляднікі. Пераапранутыя, у масках жывёл, і яны хадзілі па хатах, спявалі велічальныя калядныя песні. Іх дзя-кавалі пачастункамі … 3 18 стагоддзя, перш за ўсё ў гарадах, пашырыўся звычай ставіць навагоднюю ёлку, упрыгожанне якой — даўняе рэха ахвярапрынашэння, уміласціўлення прыроды. У навагоднія маскі-персанажы ўвайшлі Дзед Мароз, Снягурка.

Такім свята і дайшло да нас: з мяккім яскравым снегам, зялёнай прыгажуняй, звонам келіхаў, спадзяваннямі, што новы год будзе лепшы за мінулыя.

Заўважаючы асаблівасці надвор`я ў пэўны дзень першага паўгоддзя, меркавалі пра надвор`е ў адпаведны дзень другой паловы года. Супастаўлялі ў першым і другім паўгоддзі цэлыя месяцы, а то і поры года. Па студзеню меркавалі пра будучую вясну («Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік») і пра лета («Студзень мяце — ліпень залье»). Па характару першага месяца сяляне стараліся вызначыць і набытак, які чакаецца ў агародзе і на полі: «Студзень пагодны — год будзе плодны». Гнілое надвор`е на пачатку года не абяцала ўцехі чалавеку: «Калі ў студзені дажджы — дабра не жджы».

1 студзеня мы прывыклі адзначаць Новы год. У старым жа каляндары ён не лічыўся святочным. Працягваючыся з папярэдняга года, апошні свой тыдзень дабываў Піліпаўскі пост. Ён заканчваўся з надыходам урачыстага зімовага святкавання, якое на працягу двух тыдняў (з 7 па 19 студзеня) ахоплівае некалькі свят і вядома ў народзе як Каляды.

6 студзеня. Пярэдадзень каляд са святочнай вячэрай, на якой абавязковай стравай была куцця — традыцыйная абрадавая каша, пашыраная ў беларусаў і іншых славянскіх народаў. Спраўлялася гэтая вячэра (вялікая куцця) вельмі ўрачыста, стравы былі абавязкова нескаромнымі — без мяса і жывёльнага тлушчу, а колькасць іх залежала ад заможнасці сям’і. Звараную куццю перад заходам сонца ставілі на покуці, да вячэры не каштавалі, за сталом елі апошняй, рэшткі сімвалічна пакідалі продкам.

Народная прыкмета: калі на куццю неба зорнае — будзе багаты прыплод жывёлы, добры ўраджай на ягады.

7 студзеня — Ражство Хрыстова. Пасля шматтыднёвага посту нарэшце прадстаўлялася доўгачаканая магчымасць паесці ўволю скаромнага. З гэтага часу па сялу пачыналі хадзіць калядоўшчыкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *