Каляды на Чэрвеньшчыне

Общество

Гэта галоўнае і адметнае народнае свята зімовага цыкла. Святкаванне  Калядаў пачыналася  7 студзеня па новаму стылю. Святкі працягваліся даўней два тыдні. Гэтае свята было абумоўлена гаспадарчай дзейнасцю, укладам жыцця нашага народа. А вядома яно з часоў язычніцтва.

Калядам быў уласцівы комплекс спецыяльных звычаяў і абрадаў. Беларускі калядны рытуал, апрача агульных рыс, у тых або іншых рэгіёнах меў свае асаблівасці. Ён з’яўляўся неад’емнай рысай сялянскага быту Чэрвеньшчыны (Ігуменьшчыны) і праводзіўся тут наступным чынам.

Калядам папярэднічаў Піліпаўскі шасцітыднёвы пост. Як і ўсюды, у Чэрвеньскіх мясцінах падчас Піліпаўкі прытрымліваліся абмежаванняў у паўсядзённым жыцці. Да Каляд тутэйшыя сяляне рыхтаваліся загаддзя, забяспечвалі сябе неабходнымі прадуктамі харчавання. Перад Калядамі амаль кожная сялянская сям’я калола парсюка, рабіла каўбасы, вэндзіла мяса. Напярэдадні свята наводзілі парадак і чысціню ў хатах, самі мыліся ў лазні. Кожная сялянская сям’я імкнулася адсвяткаваць Каляды сытна і багата, наколькі былі ў яе для гэтага матэрыяльныя магчымасці. Лічылася, што ад гэтага будзе залежаць будучы ўраджай, дабрабыт сям”і ў новым годзе.

Падчас Каляд на Чэрвеньшчыне ладзілі тры святочныя вячэры, якія называліся куццёй. Такую назву яны атрымалі, верагодна, таму, што галоўнай каляднай абрадавай стравай з’яўлялася куцця — каша з ячных круп (абдзёртага ячменю). Першая куцця была посная, другая — багатая, а трэцяя — бедная.

Першую калядную вячэру адзначалі 6 студзеня па новаму стылю. Стол накрывалі чыстым белым абрусам і ставілі на ім прыгатаваныя святочныя стравы (усе нескаромныя): гаршок кашы з алеем ці мёдам, бліны, поліўку з грыбамі, аўсяны кісель і да т.п. Згодна сялянскага застольнага этыкету, у гэтай каляднай вячэры павінны былі ўдзельнічаць усе члены сям’і. Гаспадар запальваў свечку перад абразамі, усе члены сям’і маліліся, а потым садзіліся за стол. Затым гаспадар, зачэрпнуўшы першую лыжку кашы, стукаў рукою па сцяне ці па вакну і запрашаў мароз у госці на святочную вячэру: “Мароз, мароз, ідзі куццю есці!”. Ён загадваў марозу, каб той не прыходзіў у госці ўлетку, каб не марозіў жыта, ячмень, пшаніцу і іншых пасеяных культур. Пасля гэтага ўсе елі кашу, бліны і іншыя стравы, якія былі пададзены на стол.

З сёмага студзеня пачынаўся калядны мясаед (можна было есці мяса, каўбасу, іншыя скаромныя стравы), які працягваўся да Вялікага  посту. Трынаццатага студзеня адзначалася другая (шчодраўская, скаромная) святочная  калядная вячэра. Яна вызначалася багаццем скаромных страў. У час шчодраўскай вячэры елі смажаныя стравы — сала, каўбасу, яечню з блінамі; вэнджанае мяса, пірог, поліўку, студзень… На гэтую вячэру таксама запрашалі мароз за стол есці куццю, а летам прасілі яго не бываць, не шкодзіць пасевы.

Трэцяя, апошняя святочная калядная вячэра адзначалася 18 студзеня. Яна на Чэрвеньшчыне не мела спецыяльных абрадавых дзеянняў і нагадвала звычайную сямейную вячэру.

Самай адметнай і выразнай рысай каляднага рытуалу Чэрвеньшчыны з’яўляўся абрад хаджэння калядоўшчыкаў па вёсках ці сёлах з віншаваннем. Адбываўся ён такім чынам. Арганізоўваўся невялікі гурт хлопцаў-калядоўшчыкаў, які рабіў абход двароў і хат. Калі вёска або сяло былі вялікімі, як, напрыклад, Грабёнка і Чарнава, то стваралася некалькі гуртоў. У склад гурта ўваходзілі: запявала (пачынальнік), падхопнікі (падпявалы), механоша і музыка.

Падышоўшы пад вакно або пад дзверы, адзін з хлопцаў прасіў дазволу ў гаспадара зайсці ў хату і праспяваць святочныя песні. Атрымаўшы дазвол, калядоўшчыкі заходзілі ў хату і гучным спяваннем віншавалі гаспадара, гаспадыню, іх дзяцей, сям’ю са святам; жадалі ім моцнага здароўя, багатага ўраджаю ў полі, прыплоду жывёлы ў хляву, дабрабыту і шчаслівай долі.

У далёкі ад нас час хаджэнне калядоўшчыкаў па Чэрвеньшчыне суправаджалася ваджэннем “казы” — маладога хлопца, пераапранутага ў вывернуты кажух. Даўней каза вельмі шанавалася. Паводле народных уяўленняў яна  з’яўляецца сімвалам пладавітасці і ўраджайнасці. Гэта знайшло адлюстраванне ў беларускай народнай песні.

Заканчвалі сваё віншаванне, спяванне калядоўшчыкі напамінкам аб тым, што яны заслужылі ад гаспадара і гаспадыні пачастунка.

У доўгія зімовыя калядныя вечары мясцовая сельская моладзь арганізоўвала розныя гульні, забавы, вечарынкі, вадзілі карагоды, арганізоўвала сумесныя пачастункі.

Пра Каляды створаны прыказкі і прымаўкі: “Прыйшлі калядкі — бліны і ладкі”, “Калядкі — добрыя святкі”.

Старадаўняе каляднае свята адзначаецца на Чэрвеньшчыне і ў наш час, яно з’яўляецца адным з самых любімых свят мясцовых жыхароў.

Ганна ДУЛЕБА, этнограф, кандыдат гістарычных навук



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *