Як сталуецца сёння статак?

Аграрный сектор

Звычайна ў студзені, калі сонца зрабіла свой паварот у бок лета і можна лічыць, што палова зімы ўжо за плячамі, селянін уважліва аглядае, узважвае на вока колькасць кармоў для жывёлы. Глядзіць, колькі чаго ўжо скормлена і колькі засталося, як размеркаваць па-гаспадарску, каб хапіла да першага выпасу жывёлы. Аб тым, як сталуецца сёння статак гаспадарак раёна, распавядае першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віктар ЛЯСНЕЎСКІ:

— На пачатак студзеня ў раёне засталося 2900 тон сена, 75 тысяч тон сенажу, сіласу  92 тысячы тон, 6300 тон караняплодаў, а таксама 6 тысяч тон канцэнтратаў усіх відаў, у тым ліку і ўласнага зерне-фуражу. Па раёну гэта складае 15,3 цэнтнера кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы. Летась на гэты перыяд мелі 18,3 цэнтнераў кармавых адзінак. Атрымоўваецца крыху менш. Гэта звязана перш за ўсё з павелічэннем пагалоўя жывёлы. У параўнанні з мінулагоднім, наш сёлетні статак вырас больш чым на тысячу галоў. Таму і колькасць кармавых адзінак зменшылася. У ліку гаспадарак, найбольш забяспечаных кармамі — «Райаграсервіс», дзе засталося 34,5 цэнтнера кармавых адзінак, «Дамавіцкі» — 36, «Аграбуд» — 32,9 і «Новыя Зелянкі» — 27,1 цэнтнера  кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. «Райаграсервіс» і «Агра-Бокс» маюць зараз паўтарагадовы запас кармоў. Гэта дазволіць ім, як і летась, абысціся без выпасу жывёлы ў летні час і забяспечыць поўнае стойлавае ўтрыманне дойнага статку. Сёлета да іх далучыцца і «Аграбуд». Там таксама створаны неабходны запас траншэйных кармоў і дастаткова канцэнтратаў для таго, каб арганізаваць вытворчасць малака пры стойлавым утрыманні жывёлы. Такі спосаб мае свае перавагі. Па-першае, пры пераводзе з зімне-стойлавага на летне-пашавае ўтрыманне і наадварот, назіраецца значны спад у вытворчасці малака. Справа ў тым, што ў жвачных жывёл спецыфічная рубцовая мікрафлора, яна вельмі далікатная і павінна перастройвацца пры кожным змяненні ў рацыёне харчавання. А пры гэтым адбываецца так званы кармавы стрэс, які адмоўна ўплывае і на надоі, і на прыбаўленне ў вазе. Нават на змены надвор’я жывёла рэагуе. А пры аднатыпным кармленні для яе лягчэй наладзіць камфортныя ўмовы: з дапамогай тых жа кандыцыянераў і вентылятараў стварыць патрэбны міклаклімат, падчас летняй спёкі выкарыстоўваць сістэму падтрымання аптымальнай вільготнасці. Перавага такога спосабу ўтрымання жывёлы яшчэ і ў тым, што ён дазваляе эфектыўней выкарыстоўваць сельгасугоддзі, таксама і людзей менш трэба, тых жа жывёлаводаў-пастухоў, якіх заўсёды не хапае. У рэшце ўсё гэта прыводзіць да зніжэння сабекошту і павышэння рэнтабельнасці вытворчасці малака і мяса.

На працягу апошніх трох гадоў мы адмовіліся ад пашавага ўтрымання маладняку. Летась выпасалася 4-5 гуртоў толькі ў гаспадарках, дзе ўзнікалі пэўныя цяжкасці з нарыхтоўкай кармоў. Увесь астатні малады статак корміцца ў памяшканнях і на пляцоўках. У жывёлы там адзначаецца нармальнае сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе, нармальны ўзровень развіцця і створаны ўмовы для штучнага асемянення.

 Менш за 10 цэнтнераў кармавых адзінак на сённяшні дзень маюць ААТ «Лядзенскі» — 8,6, Агракаледж — 8,9 , ААТ «Х з’езд Саветаў» — 9,6 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. У добра забяспечаных кармамі гаспадарак маецца больш канцэнтратаў, у тым ліку і ўласнага зернефуражу, таму і выхад кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы там  большы.   А ў тым жа «Х з’ездзе Саветаў» уласнага зернефуражу на сённяшні дзень няма зусім, выкарыстоўваюць яны толькі куплёныя камбікармы. Мала ўласных канцэнтратаў і ў «Запольскім», «Лядзенскім», «Валевачах». Менш 10 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву — гэта вельмі мала. Хопіць толькі  на студзень, люты, сакавік. Таму давядзецца «перакідаць» сіласна-траншэйныя кармы з «Дамавіцкага» , «Аграбуда» і з «Агра-Бокса». Ёсць адпаведная дамоўленасць з кіраўнікамі. Разлічвацца будуць збожжам новага ўраджаю альбо маладняком буйной рагатай жывёлы, тымі ж бычкамі.

Асаблівую занепакоенасць выклікае ААТ «Запольскае», дзе кармоў хопіць толькі да пачатку сакавіка. Цяжкасці там звязаны з тым, што менш было пасеяна кукурузы (400 гектараў недасеялі), а з-за частых дажджоў у маі-чэрвені менш нарыхтавана травяністых кармоў. Туды пачнём «перакідаць» кармы ўжо напрыканцы лютага.

Зараз для збалансаванасці цукра-пратэінавых адносін і ўзбагачэння рацыёну вугляводамі мы выкарыстоўваем патаку-меляссу — прадукт перапрацоўкі цукровых буракоў. Набываем яе на Гарадзейскім і Слуцкім цукрова-рафінадных камбінатах. Там жа бяром і жом. Так з пачатку зімне-стойлавага перыяду набылі больш 6 тысяч тон бураковага жому і 500 тон патакі. Для павелічэння колькасці бялку ў рацыёне жывёл, асабліва гэта важна для высокапрадуктыўных кароў, выкарыстоўваем рапсавы і сланечнікавы жмых і шрот. Гэтыя прадукты пастаўляе прадпрыемства па перапрацоўцы насення рапсу — ААТ «Крупіца» Мінскага раёна. Трэба сказаць, прыкормы гэтыя нятанныя. Кілаграм жмыху ці шроту, напрыклад, каштуе 1000 -1200 рублёў, гэта даражэй, чым каштуе кілаграм звычайнага камбікорму. Тона патакі — 95-100 тысяч, толькі бурачны жом танны — 2-3 тысячы рублёў за тону. Кожная гаспадарка займаецца нарыхтоўкай такіх кармоў самастойна, згодна ўласнай патрэбы. Дадаткова для папаўнення арганізма жывёлы карацінам выкарыстоўваюцца здробленыя лапкі хвоі — шляхам падачы на кармавы стол ці ў выгул.

Выкарыстоўваем і мінеральна-вітамінныя дабаўкі. Яны неабходны для нармальнага абмену рэчываў у арганізме жывёлы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *