Арэхаўка

Общество

Працяг.

ЦІХАМІРАВЕЦ.

Марудна, нібы стомленая мясцовая рака Балачанка, цячэ нетаропкі расповед Аляксандры Пятроўны Блізнюк. Жыццё ў ім даўно выйшла з берагоў часу, але шмат што помніцца, вымушае наноў вяртацца ў імкліва праляцеўшыя гады. Са свайго даўно пенсійнага ўзросту, да якога набліжалася калісьці працай у мясцовай гаспадарцы і малаказборшчыцай, яна скрушліва зазначае:

— Не паверыце, нават і не заўважыла, дзе тое ўсё падзелася. Нібы і не жыла. Усяроўна  як адчыніла дзверы і перайшла з аднаго пакоя ў другі…

Самае балючае на гэтым жыццёвым прамежку — лёс бацькі. Пра ўсё, што з ім знітавана, распавядала яна некалі сваім чатыром дзецям. У тых чуллівых размовах часта прамаўляла прозвішча Ціхаміраў. У гэтага легендарнага ў вайну маладога гадамі камандзіра партызанскага атрада, а затым брыгады, быў ад’ютантам, баявым памочнікам яе бацька — Пятро Цітавіч Гантарэнка. Менавіта яму выпала выконваць асабістыя даручэнні чалавека, які вызначаўся ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх паслугачамі на Чэрвеньшчыне, у суседніх з Арэхаўкай Пухавіцкім і Асіповіцкім раёнах неверагоднай мужнасцю, кемлівасцю, ваенным талентам.

Успамiнае  Аляксандра Пятроўна БЛІЗНЮК:

— Тата мой быў вельмі прыгожы, да таго ж — вынаходлівы, разумны і адважны. Шмат меў сяброў. Да вайны працаваў конюхам у калгасе. Дужа ён любіў коней, можна сказаць — паміраў за імі. У Ціхамірава партызанскі атрад быў кавалерыйскі, дык тата і ў вайну не расставаўся з канём…

Раскажу вам такі выпадак. Мы з мамай жылі адны. І вось аднойчы прылятае тата на кані з партызанскага атрада. Толькі ўвайшоў у хату, а тут, знаеце, немцы на матацыклах ляцяць у вёску. Тата кажа на маму: “Ты, Ядвіська, схавай каня…” А сам — у жыта, яно якраз высока паднялося ўжо.

І што маме рабіць? Яна — да каня, паспела толькі вупраж з яго сарваць і на сенавале схаваць. Немцы, як толькі ўскочылі на двор, адразу ж загаргаталі, што гэта партызанская сям’я.  Во, маўляў, і конь ёсць. Мама просіцца, кажа быў у мяне мужык, але памёр, а конь застаўся. Тым часам старасту прывялі. І, скажыце, бывае ж такое — як згаварылася мама з ім. Стараста кажа: мужык яе памёр, а конь застаўся. І тады яны ўціхамірыліся. А каб заспелі тату, парвалі б на кавалкі. Значыцца, жыць яшчэ трэба было, выпраўляцца з Ціхаміравым на баявыя аперацыі. Ездзілі яны верхам на конях. Той часам крычыць на яго: “Гантарэнка, што ты стаіш з канём, лажыся, бач як шалёна страляюць…” А ён у адказ: “На мяне, таварыш Ціхаміраў, яшчэ кулю не адлілі…” Во які быў смелы.

(Працяг будзе) Аляксандр БУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *