Арэхаўка

Общество

Працяг.

 РОДНЫМ ДОМАМ СТАЎ ЛЕС.

Да гэтай вёскі мае непасрэднае дачыненне арганізатар партызанскага і падпольнага партыйнага руху на Чэрвеньшчыне і ў Дзяржынскім раёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны Петр Рыгоравіч Мартысюк. Тут  калісьці ён жыў з бацькамі.

У юнацкія гады падчас службы ў Чырвонай Арміі давялося Пятру прымаць удзел у вызваленні Заходняй Беларусі з-пад польскага панавання, у фінскай кампаніі. За праяўлены гераізм у баях на Карэйскім перашэйку быў узагароджаны медалем “За адвагу”, які ўручаў гэтаму арэхаўскаму хлопцу ў Крамлі Міхаіл Іванавіч Калінін.

Петр Мартысюк увасабляў у сабе лепшыя рысы маладога пакалення, якое сумленна выхоўвалі бацькі, дзяржава, і якое першым прыняло баявое хрышчэнне ў Айчынную вайну. Яно пацвердзіла свае высокія маральныя якасці ў смяротнай барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, праяўляючы непахісную мужнасць, гераізм і беззапаветную адданасць Радзіме.

Калі пачалася вайна, Петр Мартысюк працаваў старшынёй Грабянецкага сельскага Савета. У складаных абставінах з першых яе дзён шмат прыкладаў намаганняў у аказанні дапамогі ваенкамату па мабілізацыі ваеннаабавязаных і эвакуацыі насельніцтва.

Сям”я Пятра Мартысюка засталася на акупіраванай тэрыторыі, а сам ён з невялікай групай кіруючых рабонікаў раёна падаўся ў лясны масіў каля вёскі Слатвіна Раваніцкага сельсавета. Неўзабаве яны арганізавалі партызанскі атрад “Разгром”. У ім Мартысюка прызначылі палітруком роты. Спакойны і  ўраўнаважаны, ён быў разам з тым патрабавальным, смелым і адважным, прымаў актыўны ўдзел у баявых аперацыях, добра засвоіў партызанскае жыццё. Усё гэта і паслужыла падставай для таго, каб рэкамендаваць яго восенню 1942 года ў баявую ініцыятыўную групу Іосіфа Іосіфавіча Апаровіча. З”явілася яна ў атрадзе “Разгром” з Масквы, прайшоўшы сотні кіламетраў па акупіраванай ворагам тэрыторыі з заданнем арганізаваць партызанскі атрад у Дзяржынскім раёне. У адпаведнасці з указаннем Беларускага штаба партызанскага руху на першым часе дапамогу ў гэтым павінна было аказаць камандаванне атрада “Разгром” і сфарміраваны пры ім Чэрвеньскі падпольны райком партыі. Дэталёва абмеркаваўшы пастаўленую задачу, акрэслілі накірункі яе выканання. Будучаму новаму атраду, які мелася на мэце арганізаваць у Дзяржынскім раёне далучэннем да баявой ініцыятыўнай групы мясцовых людзей, далі назву імя 25-годдзя Кастрычніка. Камандзірам прызначылі Іосіфа Апаровіча, камісарам — Пятра Мартысюка.

На той момант партызанскі рух у Беларусі станавіўся своеасаблівым  другім фронтам, які ўсё абяцалі і ніяк не маглі, а дакладней — не хацелі адчыняць у Еўропе саюзнікі былога СССР. Фронт гэты, небагаты ўзбраеннем, меў вельмі важную перавагу. Ён праходзіў па камунікацыях ворага, ўзнікаў у самых нечаканых месцах і карыстаўся падтрымкай мясцовых жыхароў.

Быў ужо канец кастрычніка. Зачасцілі халодныя дажджы, начныя замаразкі, калі Мартысюк з гэтай баявой групай прабіраўся ляснымі сцежкамі на Дзяржыншчыну. Першы прыпынак зрабілі непадалёку Клінка ў партызанскім атрадзе імя газеты Праўда. Камандзіра яго, Пятра Іваненку, які да вайны працаваў старшынёй Кліноцкага сельскага Савета, Мартысюк ведаў па сумеснай  рабоце.

Далейшы шлях баявой групы ляжаў праз вёску Лужыца. Іосіф Апаровіч, які быў родам з суседняй вескі Падбярэжжа, і Петр Мартысюк да вайны наведваліся сюды, мелі стасункі з некаторымі мясцовымі жыхарамі. Але на гэты раз іх сустрэлі абгарэлыя дрэвы,  рэшткі печаў і дымаходаў ад спаленых карнікамі хат ды асірацеўшыя жураўлі студняў. Не было ніводнай душы. Вецер гойсаў па папялішчах, гнаў па чорнай, абвугленай зямлі кавалкі паперы, кідаў у твар попел. Глуха і журботна стагнаў лес, яму падтаквалі самотным падгалоскам коміны. Штосьці страшнае і жудаснае чулася ў гэтым.

Тады,  напрыканцы  1942 года, стоячы  на папялішчы былой лясной вёскі Лужыца, Петр Мартысюк яшчэ не ведаў, што праз некаторы час поруч з яго хатай у Арэхаўцы фашысты пазбавяць у вогненым полымі жыццяў 270 насельнікаў  Грабянецкага сельсавета…

Аляксандр БУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *