Арэхаўка

Общество

(Працяг. Пачатак у № 171-176, 183-184,189-190,

192-193, 196-199 за 2010 год, 4-5, 6-7 за 2011 год)

Музыка ім спрыяла.

У Грабянцы на малочнай працавала ўвішная Оля Татур. Былі ў той час такія памяшканні, дзе аддзялялі вяршкі ад малака і пастаўлялі іх затым на малочны завод. І вось аднойчы заўважыла яна на танцах Лёню. Толькі кінула з-пад сваіх чорных броваў цікаўны позірк, як затрапятала ў яго сэрца… З таго моманту пачалося іх сяброўства.

Оля была таксама са шматдзетнай, у шэсць душ, сям”і. Толькі з Лучнога — за пятнаццаць кіламетраў нацянькі ад Арэхаўкі. Лёня, які самавукам асвоіў гармонік, падчас знаёмства з яе сям”ёй хутка схіліў на свой бок бацьку Олі — славутага ў акрузе гарманіста. Як цяпер сказалі б — фаната. Не было наўкола ніводнай гулянкі ці вяселля, каб Татура не запрасілі пайграць. Часам і на тры-чатыры дні звозілі з вёскі. Толькі ў вайну прыціх яго галасісты гармонік. Калі даведаўся, што чужынцы набліжаюцца, паклаў яго ў скрынку і закапаў у садзе. Меркаваў, што надоўга яны не затрымаюцца. Але не выйшла па ягонаму. Аднойчы, падчас блакады, уся вёска хавалася ў лесе, а паліцаі тым часам адкапалі ў іхнім садзе схаваныя ў кадушках адзежу, абутак, што-кольвечы з яды. Гармонік не знайшлі. Ужо са шпіталя, куды трапіў Іван Татур пасля ранення, напісаў ён у вольнае ад немцаў Лучное, дзе знаходзіцца тая яго схованка. Родныя паўсюль зямлю ўспаролі, але на гармонік не патрапілі. Па вяртанні сам адкапаў. Толькі іграць ужо нельга было — гармонік увесь спарахнеў. Без яго ніякавата пачуваў сябе Татур, вымяркоўваў, якім чынам прыдбаць. Пасля вайны жылося цяжка, тут бы на самае неабходнае ўзбіцца, а яго гэтая неадольная мара ніяк не пакідала. І ўсё ж дамогся свайго. У той час дзяржава вымяркоўвала невялікія грошы на дзяцей. Сабраў Татур іх і падаўся ў Мінск купіць паркалю на сукенкі. Набыў гэты матэрыял, а ў дадатак, не ўтрымаўся — і гармонік. Ну што ты яму скажаш? Пасварылася трохі жонка ды змірылася. І зноў іхняя вёска напоўнілася музыкай, асабліва ў святы. Управяцца па гаспадарцы і пасля вячэры — на танцы ды спевы. Оля і цяпер як завядзе ў застоллі — заслухаешся. Не трэба, як сённяшнім некаторым безгалосым зоркам, ні мікрафонаў, ні ўзмацняльнікаў, ні фанаграмаў. Прыродны голас льецца сам сабою, кранае чысцінёй і мілагучнасцю. Лёня ў такія хвіліны разам з усімі таксама адкрыта любуецца ды ганарыцца жонкай…

Заручоныя лёсам, дружна жывуць яны. Толькі зрэдку, калі Лёня пасля працы з канём у кагосьці з суседзяў прыме лішнюю чарку, Оля пачынае выхаваўча прабіраць. У такі момант ён дубчыкам лёгенька сцебане па сваім галянішчы ды, каб засведчыць, хто тут гаспадар, выгукне: “Я табе, я табе…” І хуценька ў хату на бакавую.

Траіх дачок паставілі Паскробкі на ногі. Яны ўжо свае сем’і маюць. Жывуць у Мінску гарадскімі клопатамі, а бацькі ў Арэхаўцы — вясковымі. Абодва на пенсіі Лёня выпрацаваў стаж механізатарам, жывёлаводам, Оля — цялятніцай. Яшчэ трохі на пенсіі папрацаваў Паскробка, калі з усяго саўгаса “Грабянецкі” сабралі яму ў Арэхаўку на догляд коней. Ды неўзабаве іх пазбавілася гаспадарка. Цяпер вось засталося толькі ўспамінаць маладосць, радавацца за дзяцей, унукаў, якія без сталічнага гонару шчыруюць па прыездзе на бульбяным палетку, на пакосе, нарыхтоўцы сена для прыдбанага каня Буяна, на падворку ці ў агародчыку. А пасля надыходзіць самы трапяткі і чуллівы момант. Пад дазволеную Оляй чарку дастае Лёня з-пад канапы гармонік і на змену з зяцем Юрам рэжуць пад песні на ўсю хату, пакуль не прымуць усіх на ноч некалі зробленыя Оляй з гусінага пуху мяккія вышываныя падушкі.

(Працяг будзе) Аляксандр БУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *