Арэхаўка

Общество

 Працяг. Пачатак у № 171-176, 183-184,189-190,

192-193, 196-199 за 2010 год, 4-5 за 2011 год)

СПАЧАТКУ БЫЛА ЦАЛІНА…

Час ляціць, як вада плыве. Здаецца, нядаўна зухаваты Лёня Паскробка і худзенькая, цыганістая, з цёмнымі вачыма Оля Татур пабраліся шлюбам (на здымку), а ўжо набліжаюцца сёлета да залатога вяселля. Усе гэтыя беспаваротна адышоўшыя гады да драбніц захавала памяць. Складзі іх разам — і вось ён, лёс яшчэ двух жыхароў Арэхаўкі.

Звёў ён маладую прыгожую пару  адну сям”ю пасля вяртання Лёні з  цаліны. Быў такі эпізод у яго няспешнай біяграфіі. У 17 юнацкіх гадоў падахвоціўся хлопец па закліку  партыі з камсамольскай пуцёўкай падацца асвойваць тыя далёкія землі. У пяцідзесятыя гады гэтым захапілася шмат моладзі. Асабліва вясковай.

— Адно што — рамантыка, — узгадвае ён. — А да таго ж было і жаданне грошай зарабіць. У калгасе амаль нічога не плацілі, пусты працадзень, а ў бацькоў нас дзевяць душ мелася…

У той час моладзь у вёсцы, можна сказаць, трымалі прымусова. Выправіцца ў горад на які завод ці будоўлю без пашпарта не ўяўлялася магчымасці. А каб яго займець, трэба было сабраць цэлы стос даведак: што калгас дазваляе, сельсавет не пярэчыць ды і з раёна пушчаюць. Вырвацца з гэтых путаў маглі толькі хлопцы, якія адслужылі ў войску і не вярнуліся дамоў, альбо завербаваўшыся на якую-небудзь будоўлю камунізму.

Такую магчымасць якраз і давала цаліна. Напачатку падацца туды наважыліся тры вясковыя хлопцы, але неўзабаве адзін пад націскам бацькоў адмовіўся. Паехалі Лёня Паскробка і Віця Даноўскі. Для іх і іншых такіх добраахвотнікаў зладзілі ў раённым Доме культуры прыемную ўрачыстасць. Гэтак жа зрабілі і ў Мінску, дзе сабраліся ўжо юнакі і дзяўчаты з усёй Беларусі.

Вечна тое жыве, што ў маладосці было. Да драбніц яно і ў памяці Лёні.

— Далі нам у Мінску па тысячы рублёў кожнаму, — працягвае ён расповяд. Гэта былі вялікія грошы. На вакзале ўвесь час, пакуль не крануўся цягнік, іграў аркестр, гучалі песні, мы адчувалі сябе патрэбнымі краіне і ад таго вельмі ганарыліся. Калі дабраліся на прызначанае месца, нам яшчэ дабавілі грошай…

Працаваць давялося ў Кустанайскай вобласці. Амаль тры маладыя гады ў няпростых умовах загартоўваўся там яго характар. На першым часе давялося жыць у палатцы, прывыкаць да звычаяў казахскага насельніцтва. Але ў пісьмах дамоў не скардзіўся, выказваў задавальненне. І тады неўзабаве падаўся ў гэты далёкі край ягоны сусед — Коля Мудры. Цаліна таксама стала жыццёвым універсітэтам і гэтага арэхаўскага хлопца. Толькі трапіць да землякоў ён не змог. Далей, ажно ў Какчатаўскай вобласці, патрэбны былі маладыя працавітыя рукі.

Хаця і не ганяць яны цяпер сваё цаліннае жыццё, але, мабыць, усё ж не мелі на чужыне душэўнага спакою. Інакш не вярнуліся б усе ўтрох дамоў…

Мясцовыя дзяўчаты (на здымку) адразу ўзялі ў палон віднага, чубатага гарманіста. Але сэрца скіравала яго ў іншы бок.

Аляксандр Бушэнка

(Працяг будзе)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *