ТЫДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЛІТАРАТУРЫ…

Общество

Удзел у ім бралі ўсе вучні. Яго мэта — фарміраванне ў дзяцей станоўчай матывацыі да вывучэння роднай мовы і літаратуры, стварэнне ўмоў для таго, каб яны маглі праявіць сябе, выпрабаваць уласныя сілы ў разнастайных творчых і інтэлектуальных мерапрыемствах, прадэманстраваць свае дасягненні ў згаданых прадметах.

У конкурсе чытальнікаў «Краіну родную люблю» ўзялі ўдзел 25 школьнікаў. Пераможцамі прызнаны:

— сярод вучняў пачатковых класаў — трэцякласніца Наташа Ахрамовіч;

— сярод вучняў 5-9 класаў — шасцікласнікі Лена Дубовік і Ігар Корзюк;

— сярод вучняў 9-11 класаў — дзесяцікласніца Алеся Багамаз.

Для першакласнікаў зладзілі конкурс «Адгадай загадку». Вучні другога класа падрыхтавалі вусны часопіс «Ад самай калыскі», на які запрасілі бацькоў. Падчас мерапрыемства гучалі калыханкі ў выкананні дзяцей.

Вучні чацвёртага класа спрабавалі разабрацца, «за што літара «ё» ўганаравана помнікам», а пяцікласнікі вывучалі «феномен Тарапунькі, ці дзеканне і цеканне». Абодва мерапрыемствы мелі на мэце знаёмства з новымі Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Адзінаццацікласнікі ўзялі ўдзел у віктарыне «Мая Радзіма — Беларусь».

Скончыўся гэты прадметны тыдзень конкурсам «Нам засталася спадчына». Вучні з пятага па дзявяты клас малявалі, складалі вершы, адгадвалі, каму належаць рыфмаваныя радкі, разгадвалі красворды, прыгадвалі песні пра Беларусь.

Адказнымі за правядзенне тыдня былі настаўніца роднай мовы і літаратуры Клаўдзія Адамаўна Міхіевіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Валянціна Іванаўна Грыневіч і класныя кіраўнікі.

Тамара Анатольеўна БАБІЧ,

намеснік дырэктара

Лядзенскага дзіцячага сада-СШ

па вучэбнай рабоце

 

… ПРАВАВЫХ ВЕДАЎ

Пазнавальным і карысным стаўся для школьнікаў Тыдзень прававых ведаў. У кожным класе ладзіліся тэматычныя хвіліны інфармавання альбо класныя гадзіны. А вынікам сталася правядзенне вечара «Ведай свае правы і абавязкі».

Мерапрыемства, у якім бралі ўдзел вучні 6-10 класаў, прайшло ў гульнявай форме. Спаборнічалі дзве рознаўзроставыя каманды — «Правы» і «Абавязкі». Яны пазнавалі герояў казак і вызначалі, якім чынам былі парушаны іх правы, прыгадвалі гісторыю ўзнікнення права, важнейшыя правы чалавека, дакументы, каляндар прававых датаў і г.д. На пытанне: «Якімі важнымі якасцямі павінен валодаць школьнік?» дзеці адказвалі, разгадваючы красворд. Не былі забытыя і абавязкі, занатаваныя на старонках дзённіка. Апрача конкурсаў для каманд ладзіўся прававы турнір для балельшчыкаў. А балы, якія яны зараблялі, налічвалі той ці іншай камандзе. У выніку, што, на мой погляд, вельмі сімвалічна, перамаглі «Абавязкі».

Ірына САМБУК,

намеснік дырэктара Новазелянькоўскага

дзіцячага сада-СШ па выхаваўчай рабоце



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *