СІЛА ВЫХАВАННЯ — У ЯДНАННІ

Общество

Чарговы раённы бацькоўскі сход адбыўся на базе Запольскай СШ. У ім узялі ўдзел педагогі, бацькі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, прадпрыемстваў і арганізацый Чэрвеньшчыны, прадстаўнікі  райвыканкама,  Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, супрацоўнікі Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Яго ўдзельнікі працавалі па чатырох секцыях: «Здаровая сям’я — аснова працвітання грамадства», «Каардынацыя дзейнасці адукацыйнага працэсу ўстаноў адукацыі праз прызму арганізацыі выхаваўчай работы», «Арганізацыя шостага школьнага дня як адзін з накірункаў сумеснай працы сям’і і школы», «Пераемнасць усіх прыступак адукацыі ва ўзаемадзеянні бацькоў і школы».

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Эла БАРЫСАВА зазначыла, што шосты школьны дзень быў асобна выдзелены ў структуры арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, каб ладзіць заняткі гурткоў і спартыўных секцый, бацькоўскія сходы, выхаваўчыя, забаўляльныя, фізкультурна-аздараўленчыя ды іншыя мерапрыемствы. А яшчэ гэты дзень мае на мэце аб’яднанне вучняў, педагогаў і бацькоў сумеснай дзейнасцю. Пра напрацоўкі ўстаноў адукацыі ў гэтым накірунку, цікавыя формы работы, поспехі і дасягненні гаварылі выступоўцы. Іх аповеды суправаджаліся мультымедыйнай прэзентацыяй зробленага.

Намеснік дырэктара СШ №2 г.п.Смілавічы па выхаваўчай рабоце Святлана ЖЫГАЛКА распавяла, што планаванне мерапрыемстваў у шосты школьны дзень ажыццяўляецца ў гэтай установе адукацыі сумесна з вучнямі і іх бацькамі. Іх узаемадзеянне тут ажыццяўляецца праз разнастайныя віды сумеснай дзейнасці — экскурсіі, калектыўныя творчыя справы, вечары, сустрэчы, спартыўныя ды іншыя мерапрыемствы. А самай распаўсюджанай і масавай формай работы па-ранейшаму застаюцца бацькоўскія сходы, якія таксама праводзяцца ў розных формах: «круглыя» сталы, вечары пытанняў і адказаў, інтэрв’ю, лекцыі… Важную ролю ў сістэме арганізацыйна-педагагічнай работы адыгрываюць агульнашкольныя і класныя бацькоўскія камітэты, падчас пасяджэнняў якіх абмяркоўваюцца падрыхтоўка да новага навучальнага года, аказанне матэрыяльнай дапамогі сем’ям, якія маюць у ёй патрэбу, ажыццяўленне маральна-прававога ўздзеяння на бацькоў, якія безадказна ставяцца да выхавання сваіх дзяцей, ды іншае. Распаўсюджаная форма ўдзелу дарослых у пазакласнай рабоце — правядзенне экскурсій на прадпрыемствы г.п.Смілавічы. Гэтае дае магчымасць вучням убачыць сваіх бацькоў за працай, а не ў звыклай хатняй абстаноўцы. Сумесныя паездкі і экскурсіі сталі ў смілавіцкай СШ №2 добрай традыцыяй. Разам з сям’ёй і грамадскасцю тут правозіцца   прафарыентацыйная работа. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца таксама спартыўныя святы, спаборніцтвы педагогаў, вучняў і бацькоў, з удзелам работнікаў смілавіцкага аддзялення раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. У працэсе складання радаводу, летапісу сям’і дзеці разам з бацькамі праводзяць вялікую доследную работу. Пра арганізацыю сумеснай работы з бацькамі ў цесным супрацоўніцтве з Раваніцкім СДК паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Раваніцкай школы Наталля ЛАГОЦІНА. У прыватнасці, дарослыя і дзеці бяруць удзел у свяце ўраджаю «Багач», разам рыхтуюць мерапрыемствы да Тыдня маці,  да Новага года і Ражства,  ладзяць «Гуканне вясны» і «Масленіцу», удзельнічаюць  у добраўпарадкаванні  Раваніцкага парка…

На асноўных момантах экалагічнага выхавання дзяцей, супрацоўніцтве з дарослымі спынілася ў сваім выступленні намеснік дырэктара Валевачоўскай СШ па выхаваўчай рабоце Таццяна БОГДАН:

— Значнае месца адводзіцца рабоце ў гэтым накірунку ў шосты школьны дзень. Уся экалагічная дзейнасць ладзіцца ў рамках праекта «Юныя сябры прыроды», які распрацаваны вучнямі і педагогамі з удзелам бацькоў і ажыццяўляецца пад дэвізам: «Ад экалогіі зямлі — да экалогіі душы».

Ад імя бацькоў СШ №4 г.Чэрвеня выступіла Ларыса ЕФІМЕНКА, якая распавяла пра супрацоўніцтва іх сям’і са школай:

— … Незабыўным для нас з мужам стаў выпускны вечар «Маленькая краіна», прысвечаны заканчэнню дзецьмі пачатковай школы. Сын браў удзел у яго падрыхтоўцы. Штогод наша сям’я ўдзельнічае ў конкурсе кветкавых кампазіцый. Сёлета мы дапамагалі класнаму кіраўніку збіраць матэрыял да фестывалю, прысвечанага Вялікай Перамозе. Яшчэ больш з’яднала нас падрыхтоўка да школьнага, а потым і раённага конкурсу «Вучань года». І няхай Цімафей там заняў толькі другое месца, але яго словы падзякі нам пасля заканчэння сталі самай вялікай узнагародай. Усім падабаюцца сумесныя паходы і паездкі па родным краі, якія арганізуюцца ў шосты школьны дзень. Сёлета нашы дзеці пабылі на конкурсе «Еўрабачанне», у Налібоцкай пушчы, тэатрах г.Мінска. Нам трэба адыходзіць ад стэрэатыпу: «Няхай педагогі выхоўваюць, а я займуся ўласным справамі…» Мы павінны ўсвядоміць, што не бацькі дапамагаюць школе, а яна — нам…

Падчас шостага дня цікавыя і карысныя мерапрыемствы ладзяцца не толькі ў школах, але і ў пазашкольных установах. Пра тое, што прапануе дзецям і бацькам у суботу Дом дзіцячай творчасці г.Чэрвеня, распавяла яго педагог-арганізатар Тамара ЗАБАЎСКАЯ:

— У суботу бацькі маюць больш магчымасцяў убачыць, чым займаюцца іх дзеці. Яны цікавяцца поспехамі, аказваюць нам пасільную дапамогу, атрымліваюць кансультацыі педагогаў…

Працяг раённага бацькоўскага сходу ладзіўся ў актавай зале Запольскай СШ. Перад прысутнымі выступіў начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях РБ Анатоль Уласевіч. Ён распавёў пра неабходнасць сумесных дзеянняў іх арганізацыі, школы і сям’і ў справе папярэджання гібелі людзей і дзяцей на пажарах.

Затым выступілі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Ларыса Асановіч, якая ўручыла найбольш актыўным бацькам Падзякі, і намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Сяргей Варанько. Ён уручыў Падзякі лепшым шэфам. Ларыса Асановіч  пазнаёміла прысутных з праектам рэзалюцыі, абмеркаванне якога было запланавана на 20 снежня.

Напрыканцы мерапрыемства яго ўдзельнікі з задавальненнем паглядзелі канцэрт, падрыхтаваны сіламі Дома дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы і Запольскай СШ.

Святлана АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *