ПЕРАМЕНЫ ПРЫЙШЛІ З ІНВЕСТЫЦЫЯМІ

Аграрный сектор

Так тлумачыць дасягнутыя за пяцігодку поспехі дырэктар сельскагаспадарчага вытворчага філіяла «Аграбуд» адкрытага акцыянернага таварыства «Мінскжалезабетон»  Іван Міхайлавіч МАЛАХАЎ.

Іван Малахаў віншуе пераможцаў абласнога спаборніцтва на жніве: камбайнера Юрыя Жарабцова (злева) і вадзіцеля Уладзіміра Сасункевіча (у цэнтры)

А пачынаўся гэты жыццясцвярджальны аптымістычны адлік са шчаслівага, калі можна так сказаць, «шлюбу» былога занядбанага саўгаса «Светач» з вядомым і аўтарытэтным у будаўнічай індустрыі рэспублікі акцыянерным таварыствам «Мінскжалезабетон».

Паспрыяла таму рашэнне Прэзідэнта Беларусі аб прыцягненні інвестыцый у сельскую гаспадарку. На падставе яго Указа ад 19 сакавіка 2004 года №138 «Аб некаторых мерах па фінансаваму аздараўленню сельскагаспадарчых арганізацый і прыцягненню інвестыцый у сельскую гаспадарку», ААТ «Мінскжалезабетон» набыло ўсе будынкі былога праблемнага саўгаса і ўключыла яго ў склад свайго таварыства паўнавартасным падраздзяленнем — сельскагаспадарчым вытворчым філіялам «Аграбуд».

Узяўшы на сябе вялікую адказнасць за лёсы вясковых жыхароў, іх працу, быт, за зямлю, на якой яны жывуць, інвестар пачаў актыўна падтрымліваць матэрыяльна.  За гэтыя гады ў развіццё вытворчасці і сацыяльнай сферы ён выдаткаваў 20 мільярдаў 989 мільёнаў рублёў. У тым ліку сёлета — 2 мільярды 207 мільёнаў рублёў.

 Але шчодрая фінансавая дапамога не дала б належных вынікаў без павышэння выканаўчай дысцыпліны, адказнасці спецыялістаў, кіраўнікоў падраздзяленняў, кожнага працаўніка. Ажыццявіць гэтую задачу  выпала Івану Малахаву, якога прызначылі дырэктарам філіяла “Аграбуд”. На той час ён ужо адпрацаваў пятнаццаць гадоў у сельскай гаспадарцы на Стаўбцоўшчыне, з іх дзевяць — кіраўніком. Туды давялося пераехаць пасля Чарнобыльскай аварыі са Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Інжынер па адукацыі, ён вызначаўся высокай адказнасцю за развіццё вытворчасці, сацыяльнай сферы і лёс падначаленых працаўнікоў. Дазнаўшыся пра гэта, Малахава прыгледзелі ўжо ў суседні знакаміты сваімі дасягненнямі Нясвіжскі раён. Канешне, там было б нашмат лягчэй. Але пераважыла прапанова засведчыць свае здольнасці ў адстаючай гаспадарцы, паставіць яе на ногі.  Пад гэта было цвёрдае абяцанне фінансавай падтрымкі. Так лёс звязаў Івана Малахава з Чэрвеньшчынай.

У гэтым чалавеку адчуваецца многа сялянскага ад прыроды: гаспадарлівасць, руплівасць, надзейнасць, мудрасць, разважлівасць… І з выгляду — мажны, прадстаўнічы, па слова ў кішэню не цягнецца. Калі ўсё ладзіцца, па яго твары блукае загадкавая ўсмешка, а падчас патрабавальнасці яе змяняе суравасць. Такія ведаюць сабе цану і ў людзях разбіраюцца.

На першым часе было цяжка мяняць псіхалогію тых, хто звыкся са сваім становішчам. Даводзілася прасіць па вёсках жанчын, каб падаілі кароў, механізатары і жывёлаводы нават пры мізэрнай зарплаце грашылі выпіўкамі. Некаторыя не жадалі мяняцца і тады, калі з фінансавай падтрымкай інвестара пачалі набываць новую тэхніку, высокапародную жывёлу, элітнае насенне, рэканструяваць фермы, Дом механізатараў… Іван Малахаў вымушаны быў такіх звольніць з работы, прыняць больш адказных. І апантана ўзяўся скарыстоўваць фінансавую дапамогу інвестара на будаўніцтве жылля для людзей, паляпшэнні іх умоў працы, асваенні сучасных тэхналогій у раслінаводстве і жывёлагадоўлі, расшырэнні вытворчых плошчаў і мадэрнізацыі вытворчасці. Неўзабаве засвяціліся маякамі-перадавікамі спачатку ў філіяле, а затым і далей механізатары Андрэй Пятруша, Юрый Жарабцоў, Мікалай Разганаў, даярка Валянціна Прахарэнка і іншыя. Адчуўшы перспектыву, адумаліся і вярнуліся ў філіял, старанна працуюць многія з тых, хто па сваёй віне апынуўся за яго варотамі. Павысілася адказнасць на кожным працоўным месцы, у лепшыя тэрміны пачалі праводзіць сельскагаспадарчыя работы.

 Але гэта было пасля. А каб мець уяўленне, ад чаго пачынаў крочыць Іван Малахаў з падначаленым калектывам да сённяшняга лідэрства на Чэрвеньшчыне, варта прывесці некалькі лічбаў.  Пяць гадоў таму   саўгас “Светач” пераважна замыкаў раённыя зводкі. Атрымлівалі тут зерневых з гектара ў межах 16-19 цэнтнераў. Нізкімі былі паказчыкі іншых сельскагаспадарчых культур, жывёлагадоўлі. Катастрафічна не ставала грошай. Рэнтабельнасць — мінусавая. Вымеркаваць штосьці на развіццё вытворчасці і матэрыяльную зацікаўленасць людзей не было з чаго. У 2005 годзе фонд заработнай платы складаў усяго 680 мільёнаў рублёў. Зарплата — не парадуешся. І да ўсяго да гэтага — абыякавасць людзей.

Перадавая даярка Валянціна Прахарэнка

 Сёння філіял “Аграбуд” — лідар у раёне. Ён прызнаны пераможцам спаборніцтва па вырошчванню зернавых і зернебабовых культур. Іх сабралі сёлета па 41,5 цэнтнера з гектара. Выхад зерня на бала-гектар склаў 127,9 кілаграма. Намалацілі яго 6003 тоны, 331 тону кукурузы (ураджайнасць яе склала больш як 62 ц/га). Пшаніца дала на круг па 44,6 цэнтнера пры валавым яе намалоце 2135 тон, ячмень — 40,6 цэнтнера (валавы намалот 1626 тон), зернебабовых — 48,1 цэнтнера (валавы намалот 385 тон), 35 цэнтнераў рапса (валавы намалот 420 тон).  Накапалі 2002 тоны бульбы, ураджайнасць яе — 333,7 цэнтнера з гектара. Агародніны сабралі 367 тон пры ўраджайнасці 184 цэнтнера з гектара. На зімоўку жывёле нарыхтавана 5083 тон сенажу, 10634 — сіласу (на 8,1 працэнта больш, чым летась), 361 тону сена. Усяго на адну ўмоўную галаву жывёлы маецца 32,9 цэнтнера кармавой адзінкі травяністых кармоў.

Па вытворчасці малака філіял “Аграбуд” займае ў раёне трэцяе месца, другое — па надоях малака ад каровы, другое — па сярэднясутачных прывагах жывёлы, пятае — па валавых прывагах. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года павялічылася таксама вытворчасць малака, ялавічыны, свініны. Больш леташняга рэалізавалі прадукцыі. Дзяржаве пастаўлена 2353,9 тоны зерня, 818,6 — бульбы, 381,7 — рапсу, 104,1 — гародніны, 1834,6 — малака, 133,5 — ялавічыны, 93 тоны свініны. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала за 10 месяцаў 5 мільярдаў 218 мільёнаў рублёў — 169 працэнтаў да адпаведнага перыяду мінулага года. Прыбытак склаў 345 мільёнаў рублёў. Павялічыліся прадукцыйнасць працы, фонд заработнай платы. Сярэдняя зарплата ў механізатараў складае цяпер 1 мільён 700 тысяч рублёў, у даярак — 1 мільён 500 тысяч рублёў.  Гэтулькі ж у спецыялістаў.  Усе, хто не мае парушэнняў працоўнай дысцыпліны, атрымліваюць прэміі.  У прыватнасці, да Дня работніка сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці прэміравалі найбольш старанных у памеры 700 тысяч рублёў.  Чатыры працаўнікі філіяла прызнаны пераможцамі абласнога спаборніцтва і атрымалі адпаведныя прэміі.

 Па папярэдніх падліках сёлета валавая вытворчасць прадукцыі дасягне 7,5 мільярда рублёў. У параўнанні з папярэднім годам яна складзе 111,1 працэнта. Тэмп росту ў раслінаводстве — 108,4 працэнта, у жывёлагадоўлі — 117,1 працэнта. Павялічылася пагалоўе кароў, свіней, прадуктыўнасць жывёлы. За 10 месяцаў валавая вытворчасць малака склала 2482 тоны — на 187 больш, чым у адпаведным перыядзе летась. Ад кожнай фуражнай каровы атрымана па  4906 літраў малака — на 236 больш. Валавая прывага буйной рагатай жывёлы — 210,7 тоны — на 44 тоны больш леташняга паказчыка за 10 месяцаў. Атрымана 455 цялят — гэта на 55 больш мінулагодняга перыяду, а парасят — на 354.

Усе работы ў філіяле выконваюцца ў лепшыя тэрміны, належны парадак на фермах, у майстэрнях, на палетках. Гэта і эканамічныя паказчыкі пераконваюць, што тут дзейнічае дакладны механізм, які дазволіў за пяцігодку паспяхова выканаць намечаную праграму, павялічыць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі на 225 працэнтаў.

У курсе ўсіх спраў калектыву генеральны дырэктар ААТ “Мінскжалезабетон” Іосіф Пархуціч. Ён пастаянна наведваецца сюды, падказвае, дапамагае.

Кажуць, што ў сельскай гаспадарцы ёсць дзве самыя важныя работы: своечасова пасеяць і своечасова сабраць ураджай. Вопыт філіяла “Аграбуд” сведчыць, што важна яшчэ і па-гаспадарску скарыстаць выдаткаваныя інвестарам грошы. Сваю задачу на наступную пяцігодку тут бачаць у тым, каб замацаваць і развіць дасягнутыя поспехі.

Дэлегат IV Усебеларускага народнага сходу механізатар Андрэй ПЯТРУША:

Механізатар Андрэй ПЯТРУША

— Сам я родам з Кіраўскага раёна, што на Магілёўшчыне, а ў філіяле “Аграбуд” ужо тры гады. Да гэтага працаваў у Дзяржынскім раёне. Параілі сюды пераехаць, падтрымаць клапатлівага дырэктара сумленнай працай. Увесь час так і раблю. Стараюся ўсе даручэнні выконваць як мае быць, прызавыя месцы ў спаборніцтве займаю.

За мной цяпер замацаваны тры адзінкі тэхнікі: зернеўборачны камбайн, кормаўборачны  і трактар МТЗ. Трактару ўжо амаль дзесяць гадоў, але не падводзіць. Я ўвогуле люблю тэхніку, таму клапачуся, каб яна была пастаянна ў рабоце. Для прафілактыкі і рамонту ў нас у мехмайстэрні добрыя ўмовы. І для адпачынку, калі ёсць вольная хвіліна. У Доме механізатара — пакой для прыёму ежы, гардэроб, душавыя, актавая зала. Утульна, як дома. І месца жыхарства прыемнае. Калі так будзе ўсюды ў сельскай гаспадарцы, дык пры належнай зарплаце вёска ўмацуецца. Спадзяюся, што Праграма, за якую я буду галасаваць на IV Усебеларускім народным сходзе, пасадзейнічае гэтаму.

 

Аляксандр БУШЭНКА.

Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *