Пераход да палітыкі ініцыятыў з’яўляецца галоўным лозунгам новай пацігодкі

Официально

Аб гэтым заявіў 22 снежня старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Рубінаў на заключным пасяджэнні сесіі.  Ён адзначыў, што галоўная задача дзяржавы — стварыць умовы, пры якіх чалавек мог бы ў найбольшай ступені праявіць свае здольнасці. Паводле яго слоў, неабходна паклапаціцца аб умацаванні ролі мясцовых Саветаў, і асабліва аб далейшым развіцці грамадзянскай супольнасці. У краіне функцыянуюць больш як 2 тыс. грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, 15 палітычных партый. «Аднак большасць партый мае не проста апазіцыйны, а варожа апазіцыйны характар і адлюстроўвае погляды вельмі невялікай радыкальна настроенай часткі насельніцтва», — сказаў спікер.

Паводле яго слоў, неабходна ствараць палітычныя партыі, якія адлюстроўваюць імкненні народа і прытрымліваюцца канструктыўных прынцыпаў. «Безумоўна, павінны мець магчымасць для выказвання сваіх пазіцый і апазіцыйныя партыі. Без крытыкі і альтэрнатыўных меркаванняў грамадства паспяхова развівацца не можа. Але ў аснове дзейнасці такіх партый павінна быць няўхільнае выкананне Канстытуцыі, павага да законаў і высокая палітычная культура», — заявіў старшыня Савета Рэспублікі. «Наш народ па-ранейшаму адзіны, ён станоўча ацэньвае дасягнутыя ў грамадстве вынікі і падтрымлівае курс на далейшае эвалюцыйнае развіццё краіны», — адзначыў спікер.

Разам з тым, лічыць Анатоль Рубінаў, выбары паказалі, што ў часткі грамадства недастаткова развіта палітычная культура. «Нас, як заканадаўцаў, не можа не абураць палітычнае хуліганства, якое было арганізавана некаторымі з былых кандыдатаў у прэзідэнты каля Дома ўрада», — падкрэсліў ён. Анатоль Рубінаў лічыць, што неабходна зрабіць правільныя вывады і ўзмацніць работу з моладдзю.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *