НЕЗВЫЧАЙНЫ МУЗЕЙ

Общество

Пяць гадоў таму пад яго ў Доме дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы адвялі асобнае вялікае памяшканне, дзе сабралі самыя адметныя вырабы гурткоўцаў, якія заваявалі прызавыя месцы на выставах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Выкананыя ў розных тэхніках, з розных матэрыялаў, яны прывабліваюць смілаўчан усіх узростаў, гасцей з Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Сюды таксама прапануюць адразу зайсці тым турыстам, якія прыязджаюць у Смілавічы, каб наведаць музей Хаіма Суціна.

— І беларусы, і замежнікі з задавальненнем разглядаюць экспанаты, — зазначае дырэктар Смілавіцкага Дома дзіцячай творчасці Ала Шыдлоўская (на здымку). — Часта нашы госці не вераць, што з самага звычайнага матэрыялу, які знаходзіцца пад рукой, можна стварыць такую прыгажосць. Яны задаюць шмат пытанняў, шчыра дзівяцца і нават выказваюць жаданне набыць што-кольвечы. Перыядычна мы прыводзім сюды дзяцей — і тых, хто займаецца ў нас у розных гуртках, і тых, хто пакуль толькі збіраецца ў іх запісацца. Абавязкова запрашаем вучняў падчас Дня адчыненых дзвярэй, які ладзім на пачатку новага навучальнага года ў рамках Тыдня пазашкольніка. Прыходзяць у музей бацькі нашых выхаванцаў, навучэнцы мясцовага сельскагаспадарчага ліцэя. З апошняга хлопцы нават наведвалі заняткі гуртка, каб пашыць дзяўчатам мяккія цацкі ў падарунак…

Дарэчы, як патлумачыла метадыст Дома дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы Святлана Хасяневіч, у гэтым музеі прадстаўлены далёка не ўсе вырабы, якія атрымалі прызы на конкурсах розных узроўняў. Тое, што экспанавалася ў 2005-2006 гадах, ужо знаходзіцца ў запасніках. Фонды вялікія, бо звычайна за год 20-25 вырабаў ацэньваюцца граматамі і дыпломамі. Да таго ж, увесь час кіраўнікі гурткоў самаўдасканальваюцца, вучацца за ўласны кошт на розных курсах, асвойваюць новыя тэхнікі альбо адраджаюць даўнія. І ўсё больш і больш ахвотных вучняў знаходзіцца, каб пераймаць іх і ствараць сапраўдныя шэдэўры — для конкурсаў, выстаў, для сябе, у падарунак, у музей…

Святлана АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *