Фермы набываюць новае аблічча

Аграрный сектор

Павелічэнне вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, павышэнне яе якасці і зніжэнне сабекошту патрабуе ўкаранення новых тэхналогій. Звычайнае машыннае даенне пры дапамозе апаратаў з даільнымі бачкамі саступае месца сучасным механізаваным і камп’ютарызаваным сістэмам з малакаправодамі. У нябыт адыходзяць таксама нязручныя ў эксплуатацыі і даволі стратныя з-за вялікага спажывання электраэнэргіі лентачныя транспарцёры. У гэтым сэнсе бульдозернае выдаленне гною — лепшы варыянт. Ажыццяўляецца перавод на беспрывязнае ўтрыманне жывёлы, а для больш зручнага кармлення яе ўкараняецца механізаваная кормараздача.  Аб тым, як у Чэрвеньскім раёне ажыццяўляецца праграма рэканструкцыі і мадэрнізацыі жывёлагадоўчай галіны, распавядае першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання

Віктар ЛЯСНЕЎСКІ:

Зараз у раёне 169 жывёлагадоўчых памяшканняў. З іх 80 — для дойнага статку, а ў 89-ці ўтрымліваецца маладняк і жывёла на адкорме і вырошчванні. 36 памяшканняў рэканструяваны пад перавод жывёлы на беспрывязнае ўтрыманне. З пераводам на малакапровады і даільныя залы мадэрнізавана 35 памяшканняў. За 2010 год рэканструявана 17 памяшканняў, з іх 8 — для ўтрымання дойнага статку і 9 — для адкорму і вырошчвання жывёлы. З 89 памяшканняў, дзе ўтрымліваецца жывёла на адкорме і дарошчванні, 67 рэканструявана пад беспрывязнае ўтрыманне.

Сёння сучасныя даільныя залы ўжо ёсць на малочнатаварных фермах у эксперыментальнай базе «Натальеўск» — у Любішына і  Натальеўску, філіяле «Агра-бокс-Заатэх» у Чарнаве, на малочнатаварнай ферме «Карзуны» СВК «Запольскі». Завяршаюцца пуска-наладачныя работы ў даільнай зале малочнатаварнай фермы Смілавіцкага аграрнага каледжа. Мадэрнізавана даільнае абсталяванне з устаноўкай малакаправодаў на малочна-таварнай ферме «Райаграсервіса» ў Пальчыку, на малочнатаварным комплексе сельгасфіліяла «Новыя Зелянькі», ПСГ «Дамавіцкі». Такім чынам, у нас застаюцца толькі тры фермы, дзе дояць старым спосабам — у даільныя бачкі. Гэта фермы «Юравічы» і «Новая Ніва» РУСП «Новая Ніва» і кароўнік  СВК «Лядзенскі» ў Горках, дзе работы па ўладкаванню малакаправода набліжаюцца да завяршэння.  У асноўным, работы выконваліся за кошт выдзялення крэдытных сродкаў. Рэканструкцыя ажыццяўлялася як уласнымі сіламі (гаспадарчым спосабам), так і будаўнічымі арганізацыямі.

Праграма на 2011 год прадугледжвае завяршэнне работ, пачатых у 2010-м. Разам з тым пачнецца рэканструкцыя старых і будаўніцтва новых фермаў і памяшканняў.

Найбольш значнае, што плануецца — будаўніцтва дзвюх новых малочнатаварных фермаў. У філіяле СГК «Велікаполле» — на 720 кароў, з сучаснай тэхналогіяй утрымання і даеннем з выкарыстоўваннем робататэхнікі. У рэспубліцы сёння толькі тры падобныя кароўнікі. Вызначана пляцоўка, плануецца на працягу года завяршыць будаўніцтва. З’явіцца малочнатаварная ферма на 600 кароў і ў філіяле «Агра-бокс-Заатэх» у Чарнаве. Усе праектныя і будаўніча-мантажныя работы ажыццявіць за свае сродкі СП «Унібокс». Дарэчы і даільнае абсталяванне там будзе вытворчасці гэтага прадпрыемства. Плануецца закупіць племянную жывёлу, у тым ліку ў краінах ЕС.

Запланавана будаўніцтва памяшканняў для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы на дарошчванні і адкорме. Два цялятнікі з’явяцца ў СВК «Лядзенскі»- у Горках на 800 галоў, па аднаму ў СВК «Раванічы» і ў «Натальеўску» — на 400 галоў. Чакаюць рэканструкцыі яшчэ пяць кароўнікаў, у тым ліку ў СВК «Краснадарскі», у «Райаграсервісе» на комплексе «Ігуменьскі» на 220 кароў з абсталяваннем даільнай залы, у СВК» Запольскі» — на ферме «Дукоршчына». У эксперыментальнай базе «Натальеўск» на ферме «Дубок» плануецца рэканструкцыя аднаго памяшкання пад раздой першацёлак. Утрыманне будзе прывязнае, бо каб правільна арганізаваць раздой першацёлак, неабходны індывідуальны падыход.

Плануецца і рэканструкцыя цялятнікаў: на 180 галоў у СВК «Валевачы» (ферма «Залессе»), у  СВК «Х з’езд Саветаў» на 400 галоў (ферма «Рудня-Астравітая»), у СВК «Крыніца Ігуменьшчыны» — фермы «Рудня» і «Дубовы Лог» — на 400 галоў. Прадугледжана таксама рэканструкцыя свінатаварных фермаў.

Безумоўна, акрэслены арыенціры і на больш далёкую перспектыву. Плануецца павялічыць пагалоўе жывёлы да колькасці 1990 года — 17 тысяч дойных кароў, 57 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы і 39 тысяч свіней. У сувязі з гэтым да канца пяцігодкі мы павінны пабудаваць сем малочнатаварных фермаў. Самая значная будоўля распачнецца ў «Новых Зеляньках» — тут павінен з’явіцца малочнатаварны комплекс на 1000 галоў, дзе асноўную работу будуць выконваць робаты. Гэта яшчэ больш сучасная ферма, чым тая, што ўжо існуе ў «Натальеўску». Удзел чалавека ў вытворчым працэсе  будзе заключацца толькі ў дапаможных работах і кантролі камп’ютараў.

ЗанатаваўВіктар ПАРФІЯНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *