Арэхаўка

Общество

(Працяг. Пачатак у № 171-176, 183-184,189-190)

ЛЁС “ПАГРАНІЧНІКА”

 Калі празваны вяскоўцамі “пагранічнік” у настроі, то абавязкова спыніцца, падтрымае з імі размову. Але, барані Бог, зачапіць яго ў стане “душа смыліць і прагне пахмяліцца”. Імгненна ў адказ на “Куды гэта ты выбраўся?” выпаліць:  “А пайшлі вы…”. І дакладна нацэліць на гэтае месца.

 У маладыя гады ў пошуках сваёй жар-птушкі ён падаўся на Данбас. Вывучыўся там на шахцёра, за які год зведаў гэтую нялёгкую і небяспечную працу. Затым быў прызваны на вайсковую службу. Нёс яе ў Германіі, чым і сёння ганарыцца. Кажа: “Туды абы каго не бралі”.

Дэмабілізаваўся сяржантам. Шахцёрскі хлеб ужо не вабіў, уладкаваўся ў Мінску на будоўлі. Курасоўшчына, дзе жыў, была на той час неспакойным раёнам, калі не сказаць болей. Патроху яна зацягвала ў сваю багну і нядаўняга вайскоўца. Быў ён адчайны ў бойках, любіў паказытаць гарадскіх дзяўчат, “загнаць налева” што-небудзь з будаўнічай пляцоўкі. І раптам — як бабка адшаптала: задумаўся, узважыў усё, уявіў, што пры такім раскладзе не абмінуць казённага дома з небам у клетачку, і падаўся на малую радзіму.

У мясцовым саўгасе “Грабянецкі” прынялі яго ў сваю сям’ю механізатары. Гэта былі майстры сваёй справы,  адказныя працаўнікі. За імі цягнуўся і ён. Атрымаў на дваіх з жонкай кватэру. Ды нешта не заладзілася ў сям”і… У райсельгасхіміі, куды пасля ўладкаваўся, выбіўся ў звеннявога на нарыхтоўцы торфакрошкі. Бульдозерамі яе ссоўвалі на высахшых балотах у вялікія, як гмахі, бурты, адкуль сельгасхімаўскія, калгасныя і саўгасныя механізатары звозілі да ферм на посціл жывёле. Праз пэўны час яна набывала ўласцівасці каштоўнага арганічнага ўгнаення. Яго дастаўлялі на палеткі, буртавалі, дабаўлялі мінеральныя ўгнаенні і пасля ўносілі ў глебу. Зямля ўдзячна рэагавала на гэта добрымі ўраджаямі.

Торфапляцоўка — не шахта, але ўлетку ўяўляла сабой сапраўднае пекла. Асабліва ў ветранае надвор”е. Тады механізатараў было не пазнаць — твары спрэс чорныя, як у неграў, толькі вочы свецяцца. Словам, працавалі пад кіраўніцтвам звеннявога сапраўдныя мужчыны. Было нялёгка, але і грошы па тым часе добрыя мелі. Падвышаліся заробкі яшчэ і таму, што звеннявы налаўчыўся прыпісваць зробленае. Зрэшты, усё неяк сыходзілася і, адмыўшыся ад асеўшай пылам тарфакрошкі, механізатары ўдзячна “прастаўлялі” свайму звеннявому. Пакрысе ён уцягнуўся ў гарэлку, але прыгажуня-украінка, з якой узяў другі шлюб і асеў ў Арэхаўцы ў былой бацькоўскай хаце, не  мела моды дакараць за гэта. Іншы дзякаваў бы, а ён на падпітку ўзяў за моду “строіць” жонку, распускаць рукі. Урэшце дапёк так, што яна крадком ухапіла сына і сіганула на Украіну да сваіх заможных бацькоў. Ён ачомаўся, прыкасцюміўся пад гальштук,  кінуў на суседзяў свінаматку з парасятамі, курэй — і самалётам услед.

Як і што там было, ніхто ў Арэхаўцы не ведае, але вярнуліся яны разам. З таго часу, калі “пад мухай”, нагадваў кулакамі яе ўцёкі. Пакуль не падрос сын. Цяпер ужо ён таўчэ бацьку-”пагранічніка”. І тады той сыходзіць з хаты мераць крокамі Арэхаўку з аднаго канца ў другі. Жанчыны праводзяць яго з-пад далоні ўшчувальным позіркам і далей вядуць між сабой размову. Адна тэма выклікае другую, і ўжо чарговы прахожы прыпыняецца, забывае, куды ішоў. Узгадвае пра гэта толькі са з’яўленнем ля лавачкі новага чалавека. Час ад часу гэта бывае жанчына з суседніх, за які кіламетар, Нівішчаў.

  СВАЁЮ СТАЛА ІМ МІНЧАНКА

Да яе асаблівую цікавасць маюць у Арэхаўцы.

— Ну як ты там? — пытаюцца пры сустрэчы. — Мы ўжо непакоімся, хаця б чаго не здарылася.

Падставай для гэтага стаў жудасны выпадак, які ўзрушыў літаральна ўсіх у Арэхаўцы. Аднойчы ў Нівішчах сярод белага дня забілі суседку гэтай жанчыны. Так і не знайшлі, хто ўзяў на сябе гэты непрабачальны грэх дзеля невялікіх грошай, якія збірала пенсіянерка на сваё пахаванне.

Жанчына з Нівішчаў стала ўжо сваёй у Арэхаўцы. Ад таго і пэўны непакой, калі задаўніцца сустрэча. Яна не мясцовая. Гарадская. З Мінска пераехала з мужам-афіцэрам у адстаўцы.

Да таго часу Нівішча ўжо ўшчэнт апусцела. Хто ў Арэхаўку перавёз свае хаты, хто ў іншае месца падаўся. Кажуць, з-за бездарожжа гэтак зрабілі. Вясной і восенню даводзілася мясіць суцэльную гразь, зімой прабівацца праз снежныя сумёты. Дарослыя прызвычайваліся, а дзецям пеша ў школу за пяць кіламетраў дабірацца было нязручна. Каб цяперашняя гравійная дарога ды на той час, мо і не ссяляліся б з Нівішча людзі. Але запозна яе зрабілі. Адна карысць  — паляўнічым, грыбнікам і ахвочым на ягады. Калі едуць у лес на легкавушках, заўжды дзівяцца вялікім статкам коз гэтай жанчыны, якія паўсюль самапасам харчуюцца.

Апошнім часам тут наўкол развялося шмат ваўкоў. Бывае што і ля яе сядзібы ў пошуках здабычы прабягаюць, але ні коз, ні адданую гаспадыні аўчарку, не чапаюць. Нездарма кажуць: воўк, дзе жыве, паблізу шкоду не робіць…

(Працяг будзе) Аляксандр БУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *