«Англічанін» з Раванічаў

Молодежная политика

Юрый РЭУЦКІ родам з Раванічаў. Бацька яго працуе ў мясцовай гаспадарцы, мама — старшая медсястра ў Раваніцкай бальніцы. Юра — першы за ўвесь час існавання школы, хто паступіў у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, ды яшчэ і на бюджэт. Але час вучовы праляцеў, і вось ужо Юрый Мікалаевіч Равуцкі — малады спецыяліст, працуе настаўнікам англійскай мовы ў чэрвеньскай чацвёртай школе. Нягледзячы на тое, што трэці месяц выкладае тут свой прадмет, калегі і вучні ім настолькі задаволены, што слава пра гэтага «англічаніна» дайшла ўжо і да «раёнкі». А калі да нас пра кагосьці даходзіць штосьці, гэта азначае што? Правільна, цікавае інтэрв’ю!     

— Зараз, як і кожны год, дзесяткі выпускнікоў імкнуцца вызначыць месца сваёй далейшай вучобы і будучую прафесію. Для многіх гэта цэлая праблема. А ты, Юрый, ці з лёгкасцю зрабіў свой выбар?

— У школе мне заўсёды добра даваліся мовы, падабалася іх вывучаць. Абраў ВНУ з лёгкасцю, але незадоўга да ўступных іспытаў — за сем месяцаў. Узмоцнена рыхтаваўся: днямі і начамі вучыў граматыку, лексіку, у асноўным па падручніках. Дадаткова хадзіў на факультатыў да настаўніцы, Нэлы Нічыпараўны Мельнікавай. Здаў тэсты па беларускай мове і гісторыі, потым іспыт па англійскай у самім універсітэце (цяпер там замест іспыту таксама тэст). Набраў 86 балаў. Бацькі вельмі ўзрадаваліся, адразу пачалі тэлефанаваць бабулям, родным, каб падзяліцца радаснай навіной!..

— Як ішла вучоба?

— Калі вывучаеш ва ўніверсітэце замежную мову, трэба працаваць на кожным семінары, на кожнай лекцыі. Бо калі нешта прапусціў — сам не дагоніш. Таму ставиўся да вучобы сур’ёзна. Другая мова ў мяне была нямецкая, таксама ведаю іспанскую.

— Чым адрозніваецца англійская ад нямецкай?

— У англійскай граматыка прасцей, але шмат выключэнняў. Нямецкая багацейшая лексічна. Англійская ў гэтым плане больш бедная. Часта адным словам перадаецца шмат паняццяў. У нямецкай у такіх выпадках на кожнае паняцце ёсць асобнае слова. Напрыклад, англійскае ХОЛІДЭЙ можа азначаць і свята, і вакацыі, і адпачынак. Па-нямецку ж свята — ФЭСТ, вакацыі — ФЭРЫЕН, адпачынак — УРЛАУБ.

— Перад выхадам на працу ў школу было хваляванне?

— У сабе я быў упэўнены, бо пачуццё гумару, уменне падтрымаць гутарку, увага да субяседніка і камунікабельнасць мяне не падводзяць, заўжды дапамагаюць. А хваляваўся крыху за тое, якія людзі сустрэнуць, як прымуць дзеці. Чалавек жа заўжды хвалюецца перад новым. У маім выпадку ўсё атрымалася добра: настаўніцкі калектыў добразычлівы, і дзеці, здаецца, успрынялі станоўча.

— Які ўзрост вучняў самы «лагодны» для тваёй настаўніцкай працы, а які больш цяжкі?

— Найбольш прыемны клас — пяты. Вучні ўседлівыя і спакойныя: ранняе дзяцінства з лялькамі ды машынкамі прайшло, а пераходны ўзрост яшчэ не надышоў. Самы «некіруемы» — восьмы клас. Але і іх можна зацікавіць на ўроку. Канешне, дзеля гэтага трэба самаму цікавіцца тым, пра што яны жадаюць даведацца, што іх хвалюе не толькі на ўроку, але і ў жыцці. Напрыклад, у восьмым класе добра атрымліваюцца ўрокі пра грошы, валютныя сістэмы розных краін. Стараюся і іншыя тэмы знаходзіць. Дзеці любяць задаваць пытанні, у тым ліку каверзныя. Тое, што тычыцца ўроку і тэмы, мы абмяркоўваем, але толькі па-англійску. Аснова вывучэння мовы — двухбаковы моўны кантакт. Таму галоўнае на ўроках — каб атрымліваліся нашы з вучнямі дыялогі, а не мае маналогі.

— Па дзіцяці можаш адразу зразумець, будзе яно «англічанінам» ці не?

— Тых, хто «хапае» веды з лёту, адразу відаць. Такіх заўсёды падтрымліваю.

— «Двойкі» і «адзінкі» ставіш?

— Не было яшчэ такога. Нават «двоечніка» можна знайсці чым зацікавіць, і тады ён будзе на ўроку працаваць. Проста патрэбны індывідуальны падыход, крыху ўвагі да яго жыцця.

— А ў тваім асабістым жыцці што яшчэ ёсць, акрамя англійскай мовы?

— Хобі — спорт. Пакуль вучыўся, асвоіў навыкі рукапашнага бою. Наогул я прыхільнік здаровага ладу жыцця. У Чэрвені жыву ў інтэрнаце, які належыць трэцяй школе. Побач там стадыён і спартыўная пляцоўка, дзе можна пазаймацца. Акрамя таго, у нас у пакоі ёсць гантэлі. Я, дарэчы, разам з фізруком жыву! Гэта ж дадатковы стымул да спорту. Люблю глядзець па ноўтбуку англамоўныя фільмы без перакладу. Чытаю. У асноўным, гэта падручнікі па эканоміцы, бо сёлета я пачаў атрымліваць другую вышэйшую адукацыю — паступіў завочна ў БНТУ на менеджара-эканаміста. Часта езджу на выхадныя ў Мінск. Там у мяне шмат сяброў і сястра. Яна вучыцца ў педуніверсітэце.

— Ты, мабыць, і Шэкспіра ў арыгінале чытаў? Калі так, то ці сапраўды там шмат што адрозніваецца ад перакладзенага на рускую мову?

— Так, чытаў я Шэкспіра. Сапраўды, розніца ёсць. Так бы мовіць, Шэкспір па-англійску — гэта Шэкспір, а Шэкспір па-руску — гэта Пастэрнак, ці іншы пісьменнік, хто рабіў пераклад. Тое ж і пра нямецкага «Фауста» можна сказаць, і гэтак далей.

— Ці праўду кажуць музычныя крытыкі, што многія сучасныя рускамоўныя эстрадныя поп-«зоркі» «чамусьці лічаць, што ўмеюць спяваць па-англійску»? Ты можаш пачуць па вымаўленню, што песню выконвае не артыст з англамоўнай краіны, а які-небудзь «фабрыкант»?

— У прынцыпе, так. Гэта на абодва пытанні адказ. Ну, а як чалавек, які абсалютна не ведае англійскай мовы, можа правільна на ёй пець? Так было з Дзмітрыем Калдуном, калі ён выступаў аб Беларусі на Еўрабачанні. Вымаўленне яму ставіла выдатная, вельмі граматная выкладчыца з нашага ўніверсітэта. Яна зрабіла ўсё, што магла, і нават больш, каб мова спевака гучала дастойна, хоць Дзмітрый зусім не валодае гэтай мовай у звычайным жыцці. Атрымалася не блага, канешне… Але не кожны артыст мае такія магчымасці, ды і не кожны імкнецца столькі сродкаў і намаганняў прыкладаць…

— Тваё інтэрв’ю будуць чытаць дзеці і падлеткі. Хтосьці з іх, мо, і невялікі прыхільнік англійскай мовы. Патлумач, што дае яе вывучэнне, якую карысць прыносіць?

— Галоўнае — магчымасць стасункаў, сяброўства з людзьмі па ўсяму свету, бо англійская — мова міжнародная. Развівае памяць, мышленне, а таксама красамоўнасць. І дае вялікія перспектывы для будучага, дарослага, жыцця.

— Дзякуй за размову, было вельмі прыемна пагутарыць.

— Дзякуй і вам!

Занатавала Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *