Алена Ласіца – лепшы аператар машыннага даення

Общество

З мэтай выяўлення, прапаганды і ўкаранення ў жывёлагадоўлі перадавых прыёмаў і метадаў працы, павышэння эфектыўнасці вытворчасці і якасці работы з выкарыстоўваннем прагрэсіўнай тэхнікі, а таксама каб узняць прэстыж прафесіі майстра машыннага даення, павысіць ролю прафсаюзных камітэтаў і кіраўнікоў гаспадарак у паляпшэнні жыццёвага ўзроўню работнікаў жывёлагадоўчай галіны 15 снежня на базе сельскагаспадарчага вытворчага філіяла «Аграбуд» прайшоў ІV раённы конкурс прафесійнага майстэрства аператараў машыннага даення Чэрвеньскага раёна. Удзельнічалі ў ім лепшыя прадстаўнікі гэтай прафесіі

з 17 гаспадарак раёна, сапраўдныя майстры сваёй справы.

Традыцыйна арганізатарамі гэтага мерапрыемства з’яўляюцца Чэрвеньская раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і аддзел па справах моладзі.

Алена Ласіца

Конкурс складаўся з чатырох заданняў. Першае — візітная картка, дзе ўдзельніку трэба было расказаць пра сябе, аб сваёй прафесіі. Ва ўвагу прымаліся арыгінальнасць падачы інфармацыі, мастацкае вырашэнне, а таксама ўпэўненасць канкурсанта і яго манера трымацца. Другім конкурсным заданнем стала праверка тэарэтычных ведаў па прадметах прафесійнага кампанента — асновах жывёлагадоўлі і кармавытворчасці, заатэхніі і ветэрынарнай прафілактыкі, арганізацыі і тэхналогіі вытворчасці малака, ахове працы і асновам эканомікі.

Затым — практычныя іспыты: разборка і зборка даільнага апарата (зрабіць гэта неабходна было не толькі хутка, але правільна, паслядоўна і акуратна), дэманстрацыя ўменняў і навыкаў у валоданні тэхналогіяй машыннага даення (на здымку Наталля Каваленка з “Райаграсервіса”). Гэта, напэўна, быў самы важны і адказны момант конкурсу. Трэба было азнаёміцца з рабочым месцам, правільна падрыхтаваць карову да даення і правесці саму дойку. Паспяхова прайсці гэты заключны этап спаборніцтва мог толькі той аператар, які добра ведае і здольны бездакорна выконваць дзевяць асноўных правілаў даення.

І вось урачысты момант. Першае месца прысвоена аператару машыннага даення «Эксперыментальнай базы «Натальеўск» Алене ЛАСІЦА. Паколькі пераможца — даярка маладая, то і прыз ёй — цудоўны набор посуду — ад аддзела па справах моладзі ўручыла Аксана КАЧАНОВІЧ. Алена, дарэчы, будзе абараняць гонар раёна на абласных спаборніцтвах.

Другое месца заняў аператар машыннага даення СВК «Х з’езд Саветаў» Віктар ПЫЖ. Трэцяя ганаровая прыступка ў Ніны ЛАЎРЫНКОВАЙ — аператара машыннага даення СПФ «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон». Арганізатары конкурсу ўзнагародзілі таксама тых, хто паказаў высокія вынікі, аднак у тройку лідэраў не трапіў. Каштоўным падарункам адзначана аператар машыннага даення СВК «Валевачы» Вольга КОРЗУН, а яе калега Святлана КУЗДЭРКА з ПСГ «Дамавіцкі» атрымала грашовую прэмію. Можа не так паспяхова яны паказалі сябе падчас тэарэтычнай часткі конкурсу і пры зборцы даільнага апарата, але візітныя карткі ў іх атрымаліся выдатна і многім запомніцца інсцэніроўка Вольгі і песня Святланы. А яшчэ кожны ўдзельнік конкурсу атрымаў салодкі навагодні падарунак. Цёплыя і шчырыя словы падзякі Тамара САКАЛОЎСКАЯ выказала канкурсанткам з СВК «Лядзенскі» — Аксане КАРПЕНКА і Галіне МАЛІШЭЎСКАЙ з  РСУП «Грабянецкі», работнікам прафсаюза і спецыялістам іх гаспадарак, якія дапамагалі даяркам рыхтавацца. Па яе словах, конкурс удаўся. Добра спрацавалі нашы пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі. Мы можам ганарыцца сваімі аператарамі машыннага даення, сваімі членамі прафсаюза.

Віктар ПАРФІЯНОВІЧ.  Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *