Адметныя падзеі адыходзячага года

Общество

Дырэктар эксперыментальнай базы “НатальеЎск” Алена МАХНАЧ Ў прэстыжным рэспубліканскім КОНКУРСЕ ЎГАНАРАВАНА званнем “Жанчына года” Ў намінацыі “За уклад у адраджэнне вёскі”

АЛЕНА КАРОЛЬ — СТЫПЕНДЫЯТ ПРЭЗІДЭНЦКАГА СПАРТЫЎНАГА КЛУБА

У снежні ў кангрэс-холе сталічнага гасцінічнага комплексу «Вікторыя» адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння імянных пасведчанняў стыпендыятам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба на 2011 год. У ліку 159 маладых перспектыўных беларускіх спартсменаў і трэнераў-выкладчыкаў — выхаванка чэрвеньскай школы вольнай барацьбы Алена Кароль.

ОРДЭН ЛЮДМІЛЕ ВАЛЧОК!

За некалькі дзён да новага года прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі па даручэнню кіраўніка дзяржавы ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям краіны. Сярод іх — наша славутая зямлячка, трохразовая Паралімпійская чэмпіёнка па лыжных гонках, шасціразовы прызёр Паралімпійскіх гульняў у гэтай дысцыпліне і адаптацыйнай грэблі, заслужаны майстар спорту Людміла Валчок. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь яна ўзнагароджана Ордэнам Пашаны.

ПАДАРОЖЖА ПА СВЯТЫХ МЕСЦАХ

Для 13 чэрвеньскіх вернікаў — праваслаўных  і каталікоў  самыя незабыўныя ўражанні  ў сёлетнім годзе пакінула  паломніцкая паездка, якая была  адначасова для іх і пазнавальным турам, да каталіцкіх святыняў. Падчас падарожжа яны наведалі манастыр у польскім горадзе Чанстахове, дзе захоўваецца  вобраз Маці Боскай Чанстахоўскай, апякункі Польшчы, пабывалі ў Вене і яе знакамітым саборы Святога Стэфана, адчулі асалоду цудоўнай венскай кавы, пазнаёміліся са славутасцямі вечнага горада Рыма, дакрануліся да святынь Ватыкана і пабывалі ў горадзе гандол і каналаў,  венецыянскага шкла і карункаў казачнай Венецыі.

Расповяд аб падарожжы будзе надрукаваны.

Алея Герояў Савецкага саюза і герояў сацыялістычнай працы ўрачыста адкрыта ў Чэрвені ў Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Яна прысвечана 65-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сорак чатыры наваселлі

Напярэдадні Новага года ў Чэрвені здадзены ў эксплуатацыю 44-кватэрны жылы дом жыллёва-будаўнічага кааператыва агульнай плошчай 2451 квадратны метр. Узводзіцца ў Чэрвені яшчэ адзін дом — 24-кватэрны, а ў Смілавічах — 32-кватэрны.

За перыяд з 2006 па 2010 гады ў жыллёвае будаўніцтва інвесціравана больш як 100 мільярдаў рублёў. За кошт усіх крыніц фінансавання ўведзена ў эксплуатацыю 87,1 тысячы квадратных метраў жылля, што адпавядае пяцігадоваму плану.

ДБАЙНАМУ ГАСПАДАРУ — КРЭДЫТНАЯ ПАДМОГА

Сёлета згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Белаграпрамбанк» адкрыў новы від паслуг, дзякуючы якому тыя, хто вядзе асабістую падсобную гаспадарку і рэалізуе сельгаспрадукцыю, могуць пашырыць і ўдасканаліць сваю справу пры дапамозе крэдытных сродкаў. Яны выдаюцца на тэрмін ад аднаго да сямі гадоў, у залежнасці ад мэты выкарыстоўвання,  пад 5 працэнтаў гадавых. Некаторыя жыхары Чэрвеньшчыны такую магчымасць ужо скарысталі. Напрыклад, адзін гаспадар узяў 15 мільёнаў рублёў на будаўніцтва цяпліц, а другі — 55 мільёнаў і за іх плануе паставіць новыя гаспадарчыя пабудовы.

БЯСПЛАТНЫ ПРАЕЗД ПА ЧЭРВЕНЮ ДЛЯ ШКОЛЬНІКАЎ

Першым крокам выканання даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі  на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе стала ўвядзенне бясплатнага праезду для вучняў агульнаадукацыйных школ. Зараз гэтая катэгорыя моладзі мае права ездзіць па гораду Чэрвеню бясплатна. Аддзел адукацыі райвыканкама даручыў дырэктарам школ забяспечыць сваіх выхаванцаў даведкамі, якія пацвярджаюць, што яны сапраўды з’яўляюцца вучнямі той ці іншай установы адукацыі.

У “РЭХА” — званне “народны”

Сёлета рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, высокі мастацкі ўзровень, актыўную канцэртную дзейнасць вакальнаму ансамблю “Рэха” выкладчыкаў Чэрвеньскай школы мастацтваў прысвоена званне “Народны аматарскі калектыў”. Дырыжор і мастацкі кіраўнік ансамбля — Анатоль Феліксавіч Шунтаў.

ДОЎГАЖЫХАРОЎ ДАБАВІЛАСЯ

Сёлета павіншавалі з шаноўным стогадовым юбілеем Тафілію Іосіфаўну Янчэўскую, якая жыве ў г.Чэрвені. Апрача яе, у раёне ёсць яшчэ тры доўгажыхары. Самая старэйшая — Вольга Васільеўна Крук з в.Нежаўка, ёй 107 гадоў. Па 101 году Рыгору Гаўрылавічу Ліхачэўскаму з Чэрвеня і Ксеніі Паўлаўне Бандаровіч з в.Анаполле.

Павялічыліся зарплата і адрасная дапамога

Заработная плата ўзрасла на 18,9%. Яна павышана настаўнікам, урачам, іншым работнікам сацыяльнай сферы.

Значна спрошчаны ўмовы атрымання матэрыяльнай дапамогі на дзяцей да двухгадовага ўзросту. На гэтыя мэты выдаткавана 380 мільёнаў рублёў. Шматдзетным сем’ям выдзелена субсідый на атрыманне жылля на агульную суму больш за адзін мільярд рублёў. Больш за 90 мільёнаў зрасходавана на аказанне адраснай дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу. Інваліды трэцяй групы цяпер маюць права на атрыманне грошай для набыцця тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, чаго раней не было.

ХЛОПЧЫКАЎ — НА 50 БОЛЕЙ

Сёлета, як і летась, колькасць нованароджаных перасягнула за 300, прычым, па звестках на 23 снежня, на свет з’явілася больш хлопчыкаў, чым дзяўчынак — амаль на 50. Цікава, што ажно 8 немаўлят нарадзіліся «парамі» — на тэрыторыі Чэрвеньшчыны зарэгістравана 4 двойні. А вось тройні пакуль — ніводнай. 12 дзяцей нарадзіліся ў сем’ях замежных грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі нашага раёна. Сярод іх — ураджэнцы Азербайджана, Калумбіі, Малдовы, Украіны, Расіі. Цікава таксама, што 157 дзетак сталі першынцамі, 99 — другімі ў бацькоў, 27 — трэцімі, 9 — чацвёртымі, 7 — пятымі, 2 — шостымі, адно дзіця — сёмым.

Самым папулярным у дзяўчат было імя Лізавета. Яго атрымалі 10 нованароджаных. З’явіліся на свет 8 Марый, Дар’яў і Ганнаў. Дзве маленькія завуцца зараз Нікамі. Сярод рэдкіх імёнаў — Дамініка, Даніэла, Вірсавія, Віялета, Васіліса, Ева, Злата, Мальвіна, Элізабэта, Эвеліна, Міраслава. Сярод хлопчыкаў першае месца займае імя Арцём — яго атрымалі 13 нованароджаных. Затым ідзе Ілья (10), Данііл, Арсеній, Аляксандр (8). Адзначаецца вяртанне да традыцыйных, «дзедавых» імёнаў — Сцяпан, Фёдар, Іван, Яраслаў, Мікіта, Макар, Васіль… Сярод рэдкіх — Тамерлан, Нурлан, Святаслаў…

Калі летась па раёну было зарэгістравана за год 274 шлюбы, то па стану на 23 снежня гэтага года крыху меней — 232. Пяцьдзесят гадоў таму, у 1960 годзе, на тэрыторыі раёна было зарэгістравана 1335 нараджэнняў і 651 шлюб, у 1961 годзе — 1356 і 541 — адпаведна.

Упершыню ў каталіцкім храме г.Чэрвеня адбыўся Калядны канцэрт класічнай музыкі з удзелам народных калектываў школы мастацтваў — музычнай капэлы «Ігуменскія крыніцы» і вакальнага ансамбля «Рэха».

З вялікай удзячнасцю ўспрымалі прысутныя кожны з 18 цудоўных нумароў, прысвечаных святу Божага Нараджэння. Песні выконваліся на беларускай, рускай і польскай мовах, гучала музыка кампазітараў С.Манюшкі, Кароля і Міхаіла Ельскіх, Мацея Радзівілы, Т.Касцюшкі і іншых.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *