Тры камяні-святыні, адзін якіх сёння не існуе

Общество

Да Вялікай Айчыннай вайны ля вёскі Гудавічы, з усходняга боку, ляжалі тры камяні, але людзі ўшаноўвалі толькі два. Пра адзін зусім не ведалі.

Першы камень

І сёння, як і ў даваенныя часы, ён знаходзіцца на Святой горцы ля ідала. Я ахарактарызаваў яго ў кнізе «Чэрвеньшчына: гісторыя ў тапонімах». Памеры камня: 50 см на 40 см, паглыбленне ў ім шырынёю 30 см на 20 см, глыбінёю 7 — 8 см. Сюды продкі лілі тлушч і падпальвалі. На мой погляд, захавалася толькі палавіна. Яшчэ ў пачатку 50-х гадоў ахвярнік меў амаль першапачатковы выгляд. У 1955 — 1956 гадах Святую горку пачалі выкарыстоўваць у якасці могілак — гэта адмоўна адбілася на становішчы гістарычнага помніка. Захаваўся толькі каменны ідал і, як указана вышэй, частка ахвярнага камня (на здымку злева).  Сама Святая горка інтэнсіўна разбураецца: з валоў бярэцца пясок, абярагальны роў завальваецца смеццем.

Патрэбна паставіць дзяржаўны ахоўны знак і на самую Святую горку. З задавальненнем адзначу, што такі знак з’явіўся ля ідала. Мая прапанова, нарэшце, здзейснілася.

Праваслаўныя веруючыя сцвярджаюць, што на камяні засталіся адбіткі нагі Маці Божай, таму і паставілі некалькі жалезных крыжоў. Да аднаго з іх прымацавалі іконку. Ускладваюцца кветкі. Ляжыць лінолеум, каб памаліцца на каленях, мабыць, адначасова і ідалу, і Маці Божай. Менавіта гэты камень знаходзіцца на дзяржаўным уліку.

Другі камень

Давыдаў, альбо Гудаўскі камень, у даваенныя часы знаходзіўся на адлегласці 400 метраў ад Святой горкі ў паўночным напрамку, дзе былая рэчка Жураўка перасякала дарогу Шацк — Смалявічы. Зараз ад яе засталася толькі невялічкая канаўка. Ён ляжаў ля дарожнага палатна з левага боку дарогі на паўночным схіле ўзвышша, якое прасціраецца ад Магілёўскай шашы і плаўна пераходзіць у нізіну. Адсюль адкрываецца прыгожы краявід.

Безумоўна, продкі ўшаноўвалі камень да пабудовы Святой горкі. Ля яго жылі людзі. Пазней паспрабую гэтую выснову даказаць. Сёння аб памерах, форме сказаць штосьці дакладнае немагчыма — не захавалася звестак нават у выглядзе паданняў.

Шмат ведае аб родным краі жыхар вёскі Гудавічы Васіль Емельянавіч Сіўчык — чалавек вельмі добрай памяці, з вялікім інтарэсам да гісторыі, людзей. Ён адзначае: «Вялікі быў камень. Пасля вайны знік. Яго безвынікова шукалі ваенныя тапографы. Старыя людзі гэтаму здзіўляліся, але ўсяроўна з вялікай пашанай адносіліся да мясціны, дзе ён калісьці знаходзіўся». Захаваўся ў Смілавіцкім фальклоры такі эпізод. Калі хтосьці не жадаў сур’ёзна лячыцца, яму радзілі: «Хадзі кожны дзень да Давыдавага каменя, як жонка Тэйфа». Яна штодзённа прагульвалася да гэтага пункта, незважаючы на хатнія гаспадарчыя справы.

Выкажу магчымую прычыну яго знікнення. Як да вайны, так і пасля яе, ля скрыжавання Магілёўскай шашы са Смалявіцкай дарогай дзейнічаў камнедрабільны агрэгат — рыхтавалася шчабёнка. Святыню маглі разбіць на кавалачкі як па непаразуменню, так і па загаду начальства — у хвалі чарговай барацьбы з рэлігіяй, якая пракацілася ў гэты перыяд.

Не адзін год, асабліва пасля ворыва палеткаў, шукаў Давыдаў камень. Усё спадзяваўся на поспех — на жаль надзея не спраўдзілася. Але мяркую яшчэ раз звярнуцца да чытачоў з аповедам пра гэтую мясціну пасля кансультацыі з вучонымі.

Трэці камень

Адкуль ён узяўся? Да Вялікай Айчыннай вайны і значны час пасля яе заканчэння пра яго людзі не ведалі. Ён спакойна ляжаў на адлегласці 200-250 метраў ад Святой Горкі ў балаціне, паросшай карлікавымі дрэвамі і лазою, заходні напрамак, з правага боку калёснай каляі, якая ішла з вёскі Гудавічы да Святой Горкі. Вуліцы Цэнтральнай тады яшчэ не існавала. Пасля ваеннага ліхалецця жыццё значна палепшылася, і вёска пачала хутка адбудоўвацца. Раней Гудавічы канчаліся там, дзе сёння знаходзіцца маленькае скрыжаванне. Менавіта сюды ўваходзіла дарога са Смілавіч, якая пачыналася ад вуліцы імя Кірава і праз поле ішла прама да Гудавіч. Яшчэ ў канцы 60-х гадоў 20-га стагоддзя яна была добра бачна і ёю карысталіся людзі, а потым шлях  зааралі магутныя трактары. Сіўчык В.Е. помніць, як на ёй выконвалі гужавую павіннасць. За пасляваенны час вёска падоўжылася амаль на паўкіламетра ва ўсходнім напрамку, да Святой горкі. Атрымала ўчастак зямлі для будаўніцтва дома і сям’я Янкаўца Уладзіміра Елісеевіча. Менавіта ім дасталося балотца. Ён высек лазу і дрэўцы. Наткнуўся на камень, які замінаў апрацоўваць поле. Спрабаваў яго пасля нагрэву разбіць — нічога не атрымалася.

Дзесьці ў 1967 годзе ён наняў гусянічны трактар і перацягнуў яго ў месца, дзе сучасная Гудавіцкая вуліца Цэнтральная, насупраць Святой горкі, упіраецца ў дарогу Шацк — Смалявічы. Вось з гэтага часу цікавы дар ледавіка і знаходзіцца ў кювеце. Яго памеры: даўжыня асновы 170 см, шырыня па цэнтру 113 см, таўшчыня бакоў 50-45 см.  Колер мае чырвона-ружовы. Парос мохам. Урос у зямлю. У контуры нагадвае ветразь, альбо сцяг з авалам з усходняга боку (на здымку справа).

З Васілём Емельянавічам вакол яго сабралі смецце, абкасілі — і чытач можа бачыць на здымку. Да гэтага часу яго маглі назіраць толькі асобныя людзі пасля пошуку. Зараз ён адкрыты для ўсіх і яго патрэбна ахоўваць. Мяркую, што аддзел культуры райвыканкама палічыць маю прапанову слушнай і прыме захады да яе ажыццяўлення.

І яшчэ. Мне бачыцца ў гэтай мясціне турыстычны маршрут. Расказаць і паказаць людзям ёсць што.

Іван Паўлавіч Ярашэвіч, краязнаўца, дырэктар СШ №1 г.п. Смілавічы.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *