Педагагічная дзейнасць – у чатырох пакаленнях

Общество

Наш сённяшні аповед — пра настаўніцкую дынастыю Трацюкоў-Аўраменкаў, прадстаўнікі якой і зараз працуюць на Чэрвеньшчыне. Шмат цікавых дакументаў захоўвае дырэктар Запольскай школы Алена Паўлаўна Аўраменка. І кожны з іх — сапраўдная гістарычная каштоўнасць, якая дае пэўнае ўяўленне пра тагачаснае жыццё, сістэму адукацыі царскай Расіі, а затым і маладой савецкай дзяржавы амаль што з самага пачатку дваццатага стагоддзя. Па лініі Трацюкоў з пакалення ў пакаленне перадаваліся таксама асновы сямейнага выхавання дзяцей, якія ўяўляюць цікавасць і ў наш час.

АДЗІНЫ ПІСЬМЕННЫ ЧАЛАВЕК НА ЎСЮ ВЁСКУ

Такім быў дзед Алены Паўлаўны — Навум Ягоравіч Трацюк, які з жонкай і двума дзецьмі жыў у пачатку дваццатага стагоддзя ў вёсцы Хабы Гродзенскай губерні. Менавіта да яго звярталіся людзі, каб дапамог напісаць прашэнне ці іншую паперу, без якой не было чаго рабіць у прысутных месцах. Менавіта Навум Ягоравіч даў асновы пісьменнасці дачцэ і сыну.

Падчас Першай сусветнай вайны жыхары Гродзеншчыны масава выязджалі ў Сібір. Паехала туды і сям’я Трацюкоў. Але трагічна склаўся лёс дарослых на чужыне. І муж, і жонка памерлі ад тыфу. Дзеці — тата Алены Паўлаўны і яго старэйшая сястра — засталіся адны…

ЯК БЕЖАНЕЦ-БАТРАК НАВУКОВЫМ СУПРАЦОЎНІКАМ СТАЎ

З таго часу пачынаецца асобная старонка ў біяграфіі Паўла Навумавіча Трацюка, напоўненая цяжкай працай. Што падтрымлівала, дык гэта вялікая прага да ведаў. Каб пракарміцца, давялося батрачыць. Але, тым не менш, Павел Трацюк здолеў скончыць Азоўскае сельскае двухкласнае вучылішча.

Зараз у Алены Паўлаўны захоўваюцца дакументы таго часу, датаваныя 1916, 1917, 1918 гадамі. Звычайныя лісты ў лінейку з вучнёўскага сшытка, толькі пажаўцелыя ад часу. Гэта ні што іншае, як білет. А дакладней — адпускны білет, які сведчыць пра поспехі хлопца ў навучанні, яго паводзіны і тое, што ён адпушчаны на вакацыі. Паводзіны — заўсёды выдатныя. Па прадметах — скрозь пяцёркі, толькі па адным — чатыры балы. Але гэта, хутчэй за ўсё, як цяпер сказалі б, «зрэзалі». А вывучалі тады Закон Божы, Катэхізіс, рускую мову, арыфметыку, геаграфію, айчынную гісторыю, прыродазнаўства, геаметрыю… Ацэньваліся таксама спевы, чыстапісанне, сачыненне, дыктант…

Наступны цікавы дакумент —  пасведчанне, датаванае 1926 годам. Яно набрана на машынцы, таму добра чытаецца: «Выдана сапраўднае грамадзяніну Трацюку Паўлу Навумавічу, які паходзіць з сялян Гродзенскай губерні, у тым, што ён з 1920 года па кастрычнік 1924 года працаваў у гэтым раёне ў якасці сельскага настаўніка. З кастрычніка 1924 года па кастрычнік 1925 года служыў у Чырвонай Арміі. З кастрычніка 1925 года і па цяперашні час служыць Раённым Ліквідатарам непісьменнасці. Адзінокі, родзічаў і ўласнасці ў раёне не мае, сельскай гаспадаркай не займаецца, адзіным сельгаспадаткам не абкладаўся. Сродкамі існавання з’яўляецца заробак па службе, што Адэскі РВК Сібірскага краю подпісамі і прыкладаннем пячаткі засведчвае».

Алена Паўлаўна Аўраменка прыгадвае, што яе тата не абмяжоўваўся ведамі, атрыманымі ў двухкласным вучылішчы. Ён шмат чытаў, ведаў на памяць многіх класікаў, старанна рыхтаваўся да заняткаў… І, у рэшце рэшт, сын сялян з Беларусі, колішні батрак здолеў самастойна падрыхтавацца да паступлення на біялагічны факультэт Томскага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння Паўлу Навумавічу Трацюку прапанавалі там месца малодшага навуковага супрацоўніка. Ён займаўся вывучэннем хвароб сібірскай лістоўніцы.

Захоўваецца ў Алены Паўлаўны членскі білет Томскага Дома вучоных на імя П.Н.Трацюка. Дата ўступлення — чэрвень 1940 года. Тады тата Алены Аўраменка займаў пасаду старшага навуковага супрацоўніка. Ёсць у дачкі і яго рукапісныя работы. Некаторыя з іх былі надрукаваныя.

Калі пачалася вайна, Паўла Навумавіча Трацюка, 1902 года нараджэння, прызвалі ў войска. Пасля яе заканчэння ён выкладаў лесаводства, біялогію, метралогію, гідралогію ў сярэдне-спецыяльных навучальных установах. Сваю працоўную дзейнасць скончыў у Канстанцінаўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме.

Як калісьці яго тата, Павел Навумавіч шмат займаўся з уласнымі дзецьмі дома.

— Я штодзень бачыла, як ён планы піша, як рыхтуецца да ўрокаў, колькі займаецца, чытае, — прыгадвае Алена Паўлаўна. — Свой інтэлектуальны ўзровень я лічу заслугаю таты. Ён выпрацоўваў у нас каліграфічны почырк. У вячэрні час зваў мяне з братам і чытаў класіку. Нашым любімым пісьменнікам стаў Чэхаў. А пасля мы чыталі ўслых, і нам гэта падабалася. Я з задавальненнем чытала тату «Мёртвыя душы», «Вайну і мір»… Ён каментаваў, і мне было вельмі цікава. І я імкнулася такім жа чынам выхоўваць свайго сына…

І мне, і брату Аляксандру, які атрымаў сельскагаспадарчую адукацыю і таксама стаў актыўным неабыякавым чалавекам, тата перадаў, апрача ўсяго іншага, любоў да зямлі, да прыроды, да ўсяго жывога… Самым яркім уражаннем яго дзяцінства быў луг з кветкамі, які раскінуўся за вёскай. І хаця маці пужала яго, малога, казала, што там жывуць лесуны, ён зноў і зноў бегаў туды. Тата шмат ведаў назваў раслін на латыні. На Украіне я вучылася ў школе, куды хадзіць трэба было за чатыры кіламетры. Тата праводзіў мяне і сустракаў. Ад яго і я навучылася лацінскім назвам. Яшчэ ён вельмі любіў птушак. Мы заўсёды майстравалі шпакоўні, падкормлівалі крылатых сяброў…

Так склаўся лёс, што бацькі Алены Паўлаўны па паходжанню былі беларусамі, але амаль усё жыццё пражылі на чужыне. Затое ў Беларусі мелі шмат сваякоў. І менавіта сюды прыязджала Алена Паўлаўна кожнае лета. Тут вырашыла атрымаць адукацыю. Тут і засталася…

НА СПРАДВЕЧНАЙ РАДЗІМЕ ПРОДКАЎ

Алена Паўлаўна мела намер паступаць на біяфак БДУ, але пайшла на геафак.

— Там я пазнаёмілася з будучым мужам — Дзмітрыем Андрэевічам Аўраменкам, — прыгадвае. — Мы разам вучыліся пяць гадоў, а затым паехалі працаваць на Палессе. І яшчэ на пяць гадоў пастаянным месцам жыхарства для нас стаў Жыткавіцкі раён. А затым пераехалі ў Смілавічы — на радзіму мужа. Ведаеце, а яго тата таксама быў выкладчыкам — тагачаснага Смілавіцкага ПТВ-203. Іх сям’я дзесьці ў пяцідзесятых гадах пераехала ў Смілавічы з Наваградка. Я ўжо не застала ў жывых майго свёкра, але па шматлікіх водгуках смілаўчанаў ведаю, што ён быў добрым педагогам і добрым чалавекам. Атрымліваецца, што ў нас па абедзвюх лініях — настаўніцкая дынастыя.

Калі мы пераехалі ў Смілавічы, то напачатку — таксама разам — працавалі ў спецшколе-інтэрнаце. Дзмітрый пасля перавёўся ў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум — сённяшні аграрны каледж. Ён ужо шмат гадоў працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Ну, а я ў 1984 годзе перайшла ў Запольскую школу, дзе працую па сённяшні дзень. Спачатку была настаўніцай, потым — намеснікам дырэктара… І гадоў 17 ужо — дырэктар. Дарэчы, дачка майго брата, прыехаўшы да мяне ў госці, так тут і засталася. Выйшла замуж, і ўжо яе дачка вучыцца ў Запольскай школе. Як бачыце, гісторыя паўтараецца…

Задавальненне мне прыносіць, канешне ж, менавіта работа з дзецьмі. Да гэтага года ў мяне былі гадзіны геаграфіі, а сёлета ўзяла працоўнае навучанне — замест настаўніцы, якая пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Я люблю свой прадмет, шмат займаюся з вучнямі. Асабліва — азеляненнем, працай на прышкольным участку…

Сапраўды, Запольская школа ўжо не першы год славіцца адметным добраўпарадкаваннем тэрыторыі. І гэты агромністы куст позніх восеньскіх кветак, які вышэй за немалую Алену Паўлаўну, таксама таму сведчанне. Вядома Запольская школа і сваімі традыцыйнымі кірмашамі, на якіх звычайна ўвосень шырока прадстаўлены разнастайнае насенне кветак, карэнішчы канаў, саджанцы парэчак, айвы японскай, лімонніка кітайскага, іншых дэкаратыўных кустоў, а ўвесну — расада… Мясцовыя жыхары і госці з раёна ахвотна набываюць падчас іх неабходнае…

МАЛАДЫЯ ВЫБІРАЮЦЬ НАСТАЎНІЦТВА

І яшчэ колькі слоў — пра маладое пакаленне настаўніцкай дынастыі Трацюкоў-Аўраменкаў. Як распавяла Алена Паўлаўна, сын Андрэй вывучыўся на выкладчыка фізкультуры, трэнера па баскетболу. Пэўны час працаваў у Запольскай школе. Дзеці з задавальненнем займаліся ў секцыях, мелі неблагія вынікі. Зараз Андрэй Дзмітрыевіч у вячэрні час у каледжы вядзе секцыю баскетбола. А яго жонка Юля ў свой час скончыла Мінскі педагагічны каледж, атрымала спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў, выкладчыка англійскай мовы. Цяпер яна — у адпачынку па догляду за дзіцяці. На радасць тату і маме, бабулі і дзядулю ў сям’і падрастае Аляксандра. Пройдзе колькі гадоў — і яе таксама пазнаёмяць з цікавымі дакументамі і біяграфіяй слаўных прадстаўнікоў настаўніцкай дынастыі…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара і з сямейнага альбома Аўраменкаў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *