Радзімазнаўства: Славутыя і знакамітыя…

Общество

ІВАН ІОСІФАВІЧ ЛЫЧКОЎСКІ

Самабытны майстар музычных інструментаў, музыкант.

Нарадзіўся Іван Іосіфавіч Лычкоўскі на хутары Лычкоўшчына, які знаходзіўся на тэрыторыі Хутарскага сельсавета.

Навучыўся іграць яшчэ з дзяцінства. Пасвіў панскі статак, а каб не было сумна аднаму ў полі, майстраваў сабе на пацеху дудку, трубу, а пазней змайстраваў сабе і скрыпку.

Калі споўнілася 15 гадоў, Іван ўжо лічыўся ў вёсцы Ганаполле першым скрыпачом. А пазней у яго руках з’явіліся самаробны кларнет, балалайка, мандаліна.

Вярнуўшыся з грамадзянскай вайны, хлопец зноў бярэцца за дудкі, скрыпкі, цымбалы. Яго музыка дорыць людзям радасць. Не разлучыла яго з музыкай і Вялікая Айчынная вайна. У адзін дзень з сынам прызвалі яго на фронт. Сын загінуў перад самай Перамогай, а Іван Іосіфавіч атрымаў цяжкае раненне, але  не пакінуў строй. Змагацца з ворагам яму дапамагала музыка. З невялікай канцэртнай брыгадай самадзейных артыстаў- воінаў выступалі ў ваенных шпіталях. Распісаўшыся на сценах  рэйхстага, Іван Іосіфавіч вяртаецца ў родныя мясціны. Працуе  ў гарадской школе настаўнікам працы і арганізоўвае аркестр народных інструментаў, вучыць дзяцей іграць на іх. А пры раённым Доме культуры, дзякуючы яго энтузіязму, з’явіўся  этнаграфічны ансамбль, які за высокае выканаўчае майстэрства быў адзначаны дыпломамі УЦСПС і Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці.

Школьны ж аркестр пад кіраўніцтвам Івана Іосіфавіча быў удастоены выступлення на сцэне тэатра оперы і балета ў г. Мінску. Пазней у Чэрвені з’явіўся аркестр цымбалістаў. Іван Іосіфавіч прынёс з дому ўвесь свой музычны арсенал — пяць цымбалаў, баян, акардэон, флейту і вядома ж, неразлучную спадарожніцу — дудку.

На пачатку 80-х гадоў, будучы на заслужаным адпачынку, Іван Іосіфавіч працягваў кіраваць фальклорна-этнаграфічным ансамблем. Ансамбль не страціў сваёй былой славы. Яго выступленні многа разоў трансліравалі па радыё, а яго ўдзельнікі здымаліся ў кінафільмах «Беларусь мая сінявокая», «Спяшайся будаваць дом» і «Імгненне».

Праца нястомнага музыканта-самародка дала багаты плён. 70 гадоў свайго жыцця прысвяціў Іван Іосіфавіч Лычкоўскі адраджэнню забытых  старажытных музычных інструментаў. Больш за 300 цымбалаў, скрыпак, дудак было зроблена ім. У свой  час майстар атрымаў заказ і ад «Песняроў», якім тэрмінова спатрэбіліся дудкі.  Некалькі гэтых музычных інструментаў Іван Іосіфавіч перадаў рабочым эксперыментальнай базы «Натальеўск» і дапамог у стварэнні там ансамбля дудароў.

Цымбалы, музычны ражок, камплект беларускіх дудак, флейта-чарацінка, вырабленыя рукамі майстра, занялі пачэснае месца ў Рэспубліканскім Доме народнай творчасці.

ПЁТР АЛЯКСЕЕВІЧ КАРНАЧ

Беларускі мастацтвазнаўца, мастак. Кандыдат мастацтвазнаўства (1967).

Нарадзіўся Пётр Аляксеевіч  1 мая 1932 года ў вёсцы Клінок. У 1955 годзе закончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў акцёрам у тэатры юнага гледача. З цягам часу захапіўся  выяўленчым мастацтвам. Паступіў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, паспяхова абараніў дысертацыю і атрымаў навуковую ступень кандыдата мастацтвазнаўства. Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам аддзела выяўленчага мастацтва гэтага ж інстытута. Пётр Аляксеевіч Карнач  апублікаваў 5 манаграфій: «С.Ф.Нікалаеў» (1970), «Дэкаратыўнае мастацтва музычнага тэатра БССР»(1973), «П.В.Масленікаў» (1973),  «Я. Чамадураў» (1984), «Мастацтва беларускіх дэкаратараў» (1989). Апрача таго, ён з’яўляецца адным з аўтараў 6-томнай «Гісторыі беларускага мастацтва», навуковым рэдактарам  шэрагу кніг.

Валодаючы прыродным дарам маляваць, шмат працуючы над сабой, авалодаў навыкамі прафесіі мастака-жывапісца. Яго карціны адлюстроўваюць хараство роднай зямлі, маляўнічую прыроду, любасць да зямлі, вызначаюцца выразнасцю, асаблівай шчырасцю. Для іх характэрна аўтарская індывідуальнасць, адметнае і ўдалае каляровае спалучэнне. У кожнай карціне часцінка душы мастака. Пётр Аляксеевіч Карнач валодаў шматграннымі і невычарпальнымі здольнасцямі. Валодаючы выразным, здатным голасам, ён выступаў яшчэ і ў ролі спевака. Часам даваў канцэрты, у якіх прыгожа выконваў беларускія, рускія, украінскія народныя песні, рамансы, арыі з опер, песні сучасных кампазітараў.

У 1996 годзе быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Памёр Пётр Аляксеевіч Карнач 25 жніўня 1996 года. Пахаваны на могілках у роднай вёсцы Клінок.

АЛЬФРЭД ПЯТРОВІЧ ШУТАЎ

Беларускі дзеяч самадзейнага мастацтва, заслужаны работнік культуры рэспублікі, кампазітар.

Альфрэд Пятровіч Шутаў нарадзіўся  19 лютага 1932 года на былым хутары Дубовы Лес Чэрвеньскага раёна. У 1963 годзе закончыў Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі (клас харавога дырыжыравання).

Арганізатар і мастацкі  кіраўнік Брэсцкага народнага хору  Палаца культуры прафсаюзаў (1958-1980). Хор, які ён узначаліў, грымеў не толькі на Брэстчыне. Яго песенныя маршруты праляглі ў Мінск, Маскву, шматлікія  гарады і вёскі Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы. Разам з хорам раслі, шліфавалі свае галасы, атрымлівалі пуцёўку на прафесійную сцену добра вядомыя ў Беларусі артысты Вольга Шутава і Ніна Бранковіч. На Украіне  сталі прафесіяналамі Валянціна Барташ і Надзея Якімава. У Арэнбургскім народным хоры спявала  Валянціна Рабцэвіч.

Кампазітар Альфрэд Шутаў прысвяціў любімаму гораду свае лепшыя песні — «Брэсцкі вальс», «Наш Брэст». Тут нарадзіліся і вядомая ўсімі «Вішня белая», «Вьюга», «Маміны косы» і дзесяткі іншых  мелодый. Ён запісаў і зрабіў апрацоўку соцень народных песень паўднёва-заходняй часткі Беларусі. Дарэчы, збіраць народныя песні Альфрэд Пятровіч Шутаў пачаў у 1952 годзе, прыкладна ў тым жа ўзросце былі і першыя спробы ў кампазіцыі.

Ішоў час і настала тая часіна, калі паклікала кампазітара малая радзіма: горад Ігумень — Чэрвень,  вуліца ў яблыневай квецені, старэнькая хаціна і добрыя вочы мілай, дарагой і адзінай матулі. Ён вярнуўся да сваіх каранёў. Стаў кіраваць Натальеўскім  народным хорам, узначаліў музычнае таварыства. Тут, на малой радзіме, напісаў для хора песню «Высокі стан» на словы Яўгена Харытановіча, «Хмель зялёны» на словы Алеся Ставера, «Вясеннюю песню» на верш Віктара Бокава.

У 1992 годзе Альфрэд Пятровіч Шутаў  адзначыў дзве прыгожыя даты- 60-годдзе з дня нараджэння і 40-гадовы юбілей творчай дзейнасці. У той вечар у адрас юбіляра  гучалі шчырыя словы ўдзячнасці, найлепшыя пажаданні. Усе ўдзельнікі творчай справаздачы юбіляра зычылі яму новых творчых поспехаў.

У ліпені 2005 года Альфрэда Пятровіча Шутава не стала. Пахаваны ён на могілках у г. Чэрвені.

ІВАН АРХІПАВІЧ НЯБОРСКІ

Кажуць, што чалавек жыве столькі, колькі яго памятаюць. Івана Архіпавіча Няборскага не толькі  памятаюць на Чэрвеньшчыне, але і па-ранейшаму любяць, згадваюць добрым словам усе тыя, каму ён дапамог у свой час пазнаць сапраўдную асалоду ад музыкі і песень.

Ён быў адметнай вехай у развіцці песеннага мастацтва на Чэрвеньшчыне. Няпоўных 45 год хапіла гэтаму чалавеку, каб пакінуць след на зямлі і добрую памяць пра сябе. Нарадзіўся Іван Архіпавіч у вёсцы Гарадзішча 23 сакавіка  1936 года і ўжо ў тры гады застаўся без маці. Малым, ідучы пасвіць гусей, браў з сабой скрыпачку,якую падараваў хлопчыку дзядуля-сусед, заўважыўшы, напэўна, яго музычныя здольнасці. З яе, гэтай скрыпачкі, і пачаўся яго шлях да вялікага мастацтва.

У чатырнаццаць гадоў Іван застаецца круглым сіратой, яго выхоўвала сястра Алена, а ў шаснаццаць — паступае вучыцца  ў Гродзенскае  музычна-педагагічнае вучылішча. Скончыўшы вучобу, вяртаецца на радзіму і ўладкоўваецца настаўнікам музыкі і спеваў у першую гарадскую школу. Створаны ім  харавы калектыў школы ў хуткім часе стаў прызёрам на шматлікіх конкурсах і аглядах мастацкай самадзейнасці. Музыка ў школе стала на адзін узровень з урокамі матэматыкі і моваў. Яго вучні праз усё жыццё пранясуць трывалую  музычную адукацыю, любоў да музыкі, песні.

Важнейшай вехай жыцця Івана Архіпавіча стаў Натальеўскі хор. Пад яго кіраўніцтвам з невялікай вакальнай групы праз пяць гадоў гэты самадзейны калектыў  дабіўся прызнання і стаў «народным». Адбылося гэта 20 лютага 1969 года. Геаграфія канцэртаў — ад сельскіх клубаў раёна да выступлення ў 1972 годзе на ВДНГ у Маскве. Тады ж быў зняты на цэнтральным  рэспубліканскім тэлебачанні фільм пра хор і яго ўдзельнікаў. Калектыў супрацоўнічаў з кампазітарамі Кузняцовым, Паплаўскім і нават вядомы Г.Цітовіч з захапленнем адзначаў, што «тую ж самую песню, што спяваюць іншыя, натальеўцы выконваюць па-свойму: каларытна, ва ўласным тлумачэнні і манеры.» Іван Архіпавіч Няборскі,  апрача музыкі, захапляўся паэзіяй, ведаў напамяць шмат вершаў, быў таленавітым настаўнікам, музыкантам, шчырым, сумленным, вясёлым чалавекам, улюбёным  у сваю справу, у якой вызначаўся высокім прафесіяналізмам.

Сачыце за працягам



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *