Cваё прафесійнае свята адзначылі супрацоўнікі Чэрвеньскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь

Безопасность

Традыцыйна сваё прафесійнае свята адзначылі супрацоўнікі Чэрвеньскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі

Беларусь. У гэты дзень далёкага 1952 года іх служба

стала самастойнай структурай.

Уадзімір Ліневіч, Дзмітрый Войніч і службовая аўчарка Эмір

Распавядае Сяргей ЕРМАЛОВІЧ — начальнік Чэрвеньскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь,  капітан міліцыі :

Сёння наша аддзяленне — гэта зладжаны, тэхнічна аснашчаны і аператыўны механізм, які гарантуе надзейную абарону аб’ектаў і кватэр ад злачынных замахаў. Сучасныя сродкі ахоўнай сігналізацыі, мабільнасць групы затрымання, яе аснашчанасць тэхнікай і ўзбраеннем дазваляюць у поўнай меры забяспечваць выкананне дагаворных абавязацельстваў па ахове маёмасці, а таксама папярэджваць і раскрываць правапарушэнні на пастах і маршрутах патрулявання. Добрыя традыцыі, згуртаваны калектыў, добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў кожным супрацоўнікам і работнікам адзялення садзейнічаюць таму, што на сённяшні дзень Чэрвеньскае аддзяленне Дэпартамента аховы адно з лепшых сярод аналагічных падраздзяленняў Мінскай вобласці.

Зараз пад апекай падраздзялення знаходзіцца 336 аб’ектаў розных формаў уласнасці. Дзесяць з іх ахоўваюцца сіламі міліцэйскай і вартавой аховы, астатнія 326, сярод якіх 229 памяшканняў з уласнай маёмасцю грамадзян — кватэры, дамы, дачы, гаражы — абсталяваны тэхнічнымі сродкамі аховы. Акрамя гэтага, устаноўлена і кантралюецца 61 кнопка трывожнай сігналізацыі для экстраннага выкліку нарада міліцыі.

Такім чынам, ахоўная дзейнасць ажыццяўляецца  дзяжурнымі міліцыянерамі, групай затрымання і вартавым саставам, дзяжурнымі службамі пункта цэнтралізаванага назірання, а таксама спецыялістамі, электрыкамі, якія ўстанаўліваюць і абслугоўваюць ахоўна-пажарную сігналізацыю.

— Асноўная колькасць аб’ектаў знаходзіцца пад пільным наглядам аўтаматызаванай сістэмы ахоўнай сігналізацыі (АСАС) — «Алеся», — распавядае інжынер групы сродкаў і сістэм аховы Аркадзь ПАТОНЯ. — Трэба адзначыць, што  сёння на тэрыторыі СНД аналагаў ёй няма. Кантроль ажыццяўляецца праз звычайную тэлефонную лінію. Напрыклад, усе магазіны райспажыўтаварыства ў горадзе пад пільным вокам «Алесі». У сакавіку гэтага года, дзякуючы яе сігналу, быў затрыманы  жыхар райцэнтра, які ноччу разбіў шкло ў вакне стаматалагічнай паліклінікі. Гэта сістэма працуе ў нас амаль пятнаццаць гадоў і пастаянна ўдасканальваецца. Для забеспячэння аховы нетэлефанізаваных аб’ектаў  на аддаленні да 10-15 кіламетраў тры гады таму ўведзена радыёахоўная сістэма перадачы апавяшчэнняў «Новатэх-РДО». На даху нашага будынка ўстаноўлены дзве антэны. Сігнал перадаецца па эфіру і пад кантроль можна браць любы аб’ект, да якога даходзіць радыёсігнал. Калі раней, напрыклад, магазіны ў той жа Праўдзе ці ў Майзарова ўзломліваліся пастаянна, то ў апошні час, пасля ўстаноўкі  сістэмы радыёаховы, злачынствы там не адзначаюцца. А вось краму ў Пальчыку, дзе аховы няма, зусім нядаўна «падламалі».  Зараз некаторыя чэрвенцы пачалі ставіць на радыёахову ўласныя гаражы, а прадпрымальнікі — свае гандлёвыя кропкі. У гэтым годзе, дзякуючы спрацоўцы такой сігналізацыі прадухілена спроба пранікнення ў магазін №3 на Мірным, а таксама затрыманы зламыснікі, якія спакусіліся на адзін з гандлёвых боксаў, што на гарадскім рынку. У апошні час, з развіццём мабільнай тэлефоннай сеткі значна пашырыліся і нашы магчымасці. Радыёсістэма «Новатэкс-РДО нядаўна даабсталявана модулямі «GSM» для перадачы інфармацыі па каналах сотавай сувязі.

Сяргей ЕРМАЛОВІЧ - начальнік Чэрвеньскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь капітан міліцыі

Па сутнасці, любы аб’ект у зоне дзеяння сеткі, дзе ёсць электрычнасць, мы можам браць пад кантроль.  У Дэпартамента аховы заключаны дагавор з мабільным аператарам Velсom, і згодна яго, мы карыстаемся тарыфам перадачы данных. Праўда, мы не можам так аператыўна, як у горадзе, рэагаваць на трывожныя паведамленні з аддаленых кропак. У нас адзін нарад і зона яго рэагавання абмежавана — райцэнтр-Сельгастэхніка-Натальеўск. Аднак сігнал трывогі, што паступае на пульт, без увагі не застаецца. Наш аператар тэрмінова перадае інфармацыю ў аддзел РАУС, і ўжо яго супрацоўнікі аператыўна рэагуюць на паведамленне.

Сёння кожны без праблем можа здаць свой уласны дом пад  ахову і самастойна працаваць з мабільным аператарам пры дапамозе сотавага тэлефона праз звычайныя «эсэмэскі». Паставіў на ахову — паслаў СМС і тут жа атрымаў СМС-адказ з пацверджаннем. Як толькі спрацавала сігналізацыя, атрымоўваеш СМС з паведамленнем, які шлейф парушаны — адчынілася акно ці дзверы, альбо зафіксаваны рухі ў пакоі. Гаспадар, такім чынам, можа сам аператыўна рэагаваць на падзею, вызываць міліцыю, ці проста патэлефанаваць суседу, каб праверыць прычыну. На Іванічах такім спосабам ахоўваецца  дача. Мы там толькі ўстанавілі неабходныя прыстасаванні, а «эсэмэскі» аб тым, што «здаў-не здаў,» ці калі што здарылася, адпраўляюцца гаспадару на тэлефон.

Пульт цэнтралізаванага назірання — гэта мозг усёй ахоўнай сістэмы. Менавіта сюды сцякаецца і тут фіксуецца і апрацоўваецца ўся інфармацыя. На ПЦН — пяць аператараў. Усе — жанчыны. Працуюць па адной. Рэжым работы — змена па дванаццаць гадзін — з дзевяці да дзевяці — дзень-ноч — два дні дома. Гэта даволі складаная справа — быць аператарам. Акрамя непасрэдна кантролю за работай самой сістэмы ахоўнай сігналізацыі, трэба сачыць за паступленнем інфармацыі, а паток яе вельмі інтэнсіўны: здача аб’екта на ахову, зняцце з сігналізацыі,  падтрыманне пастаяннай сувязі з групай рэагавання і кантроль за яе перамяшчэннем, штогадзінная фіксацыя званкоў ахоўнікаў. Існуе шмат момантаў, на якія неабходна аператыўна рэагаваць. Напрыклад, у назначаны час аб’ект не пастаўлены  на сігналізацыю, ці зняты з яе раней звычайнага. Трэба не толькі зафіксаваць гэты факт, але і абавязкова ўстанавіць прычыну, калі неабходна — накіраваць на месца нарад.

Няспынна нясе сваю службу група затрымання, у склад якой уваходзяць два міліцыянеры — кінолаг і вадзіцель. Дзённая змена доўжыцца ў іх з 9 да 17 гадзін, начная — увесь астатні час.

Ноч атрымоўваецца даўжэйшай і работа на працягу яе, безумоўна, больш адказная,  таму дзяжурны нарад абавязкова ўзмацняецца службовым  сабакам.

— Акрамя выканання прамых нашых абавязкаў, мы павінны працаваць і на спыненне іншых правапарушэнняў, — заўважае Дзмітрый ВОЙНІЧ, сеўшы ў кабіну пасля праведзенай тлумачальнай размовы з маладой парай, якая рухалася па праезнай частцы дарогі без неабходных «флікераў». — Вось такіх грамадзян, калі яны ўспрымаюць заўвагу з разуменнем, звычайна толькі папярэджваем. Занадта ж запальчывых ці нецвярозых можам і ў райаддзел даставіць. Так і праходзіць ноч. Калі работы шмат, здараецца, што і ўчастковым дапамагаем, з ДАІ супрацоўнічаем — час хутка ляціць. А так, вядома, марудна. І спаць хочацца, асабліва пад раніцу. Але ўсё роўна, мне вельмі падабаецца гэта работа — цікавая, на падзеі багатая. І, наогул, сам калектыў нашай аховы вельмі дружны. Атмасфера, што пануе ў падраздзяленні, спрыяе таму, што на змену ідзеш з задавальненнем.

Значную частку работы па ахове аб’ектаў выконвае і вартавы састаў. Ахоўніка ў сіняй форме можна ўбачыць у раённай бальніцы, на прахадной хлебазавода. Будынак суда, міні-рынак і яшчэ шэраг аб’ектаў аддадзены пад фізічную ахову. Адным з важных лічыцца вартавы пост у райвыканкаме. Тры гады тут спраўна нясе службу Дзмітрый Гуз.

— Работа адказная, — кажа ахоўнік. У ноч, калі ўстанова не працуе, быццам бы і прасцей. Змена доўжыцца з 17 вечара да 8 раніцы. Аднак ноччу ў другім сэнсе нялёгка. Нам жа не тое, што спаць,  прылегчы нельга, нават чытаць не маем права. Уся ўвага — на службу. Жэтоны развешваем і мяняем. Першыя  дзесяць хвілін кожнай гадзіны абавязаны тэлефанаваць на ПЦН. Калі званок не паступіў — прыязджае нарад, правярае. Звычайныя ж праверкі — абавязкова раз за ноч. Часта і сваё начальства кантралюе, і супрацоўнікі з вобласці наведваюцца. Днём трэба сачыць за наведвальнікамі, а іх у райвыканкаме, зразумела, заўсёды шмат. Дакументаў не правяраем, але, напрыклад, грамадзяніна з вялікай сумкай не пусцім. Раней жа гандляры з бауламі былі частымі гасцямі. Само сабой, нецвярозым ход забаронены, брудна адзетым. Падчас абедзеннага перапынку спыняем наведвальнікаў. Супрацоўнікаў жа райвыканкама ведаем, па прозвішчу мо і не ўсіх, аднак у твар пазнаём кожнага. Часта наведвальнікам дапамагаем небходнай інфармацыяй, бы тое справачнае бюро працуем. Можам падсказаць патрэбны паверх  ці нумар кабінета, папярэдзіць, калі ў патрэбнага чыноўніка прыёмныя дні. А так, усё як і на другіх пастах — тэлефон, трывожныя кнопкі, вогнетушыцель, аптэчка…

— Сёння ў нас створаны ўсе ўмовы для таго, каб свае службовыя абавязкі выконваць на «выдатна», — зазначае Сяргей ЕРМАЛОВІЧ. — Дзякую ўсім супрацоўнікам аховы за іх самаадданую і сумленную працу, віншую з прафесійным святам.

Нельга не ўзгадаць ветэранаў падраздзялення, тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння і станаўлення службы аховы. Шмат для яе развіцця і ўдасканальвання зрабіў падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Уладзімір Пятровіч ШАРЫ, ён мае амаль 30-цігадовы стаж бездакорнай службы. Дастойна і самааддана абранай справе служылі такія супрацоўнікі аддзялення як старшына міліцыі Мікалай Піліпавіч БАБУРАЎ, старшына міліцыі Аляксей Уладзіміравіч ШУРКО, прапаршчыкі міліцыі Вячаслаў Мікалаевіч ЗАКРЭЎСКІ, Уладзімір Мікалаевіч ЗНАК і Віктар Львовіч Яфімаў, старшыя прапаршчыкы Аляксандр Сяргеевіч ШЫШОНАК і Уладзімір Анатольевіч НЯФЁДАЎ, былы галоўны бухгалтар Зінаіда Цімафееўна КАЗАЧОНАК, спецыяліст па кадрах Вера Андрэеўна Балтуцкая, Аркадзь Рыгоравіч ПАТОНЯ. Ён і зараз пры сваёй справе. Мы вамі ганарымся.

Асобна хачу падзякаваць за падтрымку і разуменне кіраўніцтва раёна і асабіста — Івана Пятровіча МУХУ, за супрацоўніцтва — начальніка Чэрвеньскага РАУС Сяргея Мікалаевіча ЦЕРАША, старшыню праўлення райспажыўтаварыства Сяргея Вітольдавіча ВЕРАКСУ, дырэктара Чэрвеньскага гародніна-сушыльнага завода Мікалая Міхайлавіча ШЫФРЫНА, дырэктара Смілавіцкага скурзавода Людмілу Аляксееўну ШАБАТ, упраўляючую Белаграпрамбанка  Валянціну Уладзіміраўну Баранаву, і ўсіх тых, з кім мы супрацоўнічаем. Спадзяюся, што нашы стасункі і далей будуць такімі ж плённымі.

Падрыхтаваў Віктар Парфіяновіч. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *